Служыў у беларускай каталіцкай місіі ў Лондане



28 траўня беларускаму грэка-каталіцкаму святару айцу Кастусю Маскаліку спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння. Ён шмат гадоў адпрацаваў у беларускай секцыі Радыё Ватыкан, выконваў святарскае служэнне ў Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане.

Айцец Кастусь Маскалік (1918 — 2010 нарадзіўся ў сялянскай сям’і Тодара і Ганны (з роду Шыманскіх) 28 траўня 1918 года ў заходнебеларускім мястэчку Гарадзея, што недалёка ад Нясвіжу. Хлопчык рана застаўся сіратою: маці памерла, калі яму было ўсяго 8 месяцаў, а ў васьмігадовым узросце памёр і яго бацька. Апеку і выхаванне над сіратою ўзялі сваякі.

Кастусь Маскалік скончыў мясцовую сямігодку, потым цягам двух гадоў жыў у Жыровіцкім праваслаўным манастыры. Яшчэ перад вайной гэты вельмі набожны юнак зацікавіўся грэка-каталіцтвам і некаторы час быў у грэка-каталіцкім манастыры айцоў студытаў ва Ўніве каля Львова. У траўні 1941 года з роднай Гарадзеі ён быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і вывезены ў Расею, але як „ненадзейны” ў хуткім часе апынуўся ў працоўным батальёне.

Як польскі грамадзянін здолеў патрапіць у армію Андэрса, разам з якой праз Іран, Ірак, Палесціну і Егіпет зрабіў сваеасаблівую пілігрымку на Святую Зямлю. Урэшце ў 1944 годзе апынуўся ў Італіі. Ён ганарыўся, што праз усю вайну не забіў аніводнага чалавека і не зрабіў аніводнага стрэлу (працаваў пры кухні).

У 1947 годзе Кастусь Маскалік паступіў у калегію Русікум у Рыме, дзе праходзіў сваю святарскую фармацыю і навучанне. 10 красавіка 1955 года ўкраінскі грэка-каталіцкі архібіскуп Іван Бучко ўдзяліў яму святарскія свячанні. Праз паўгода а. Кастусь Маскалік прыехаў у Лондан, дзе служыў у Беларускай каталіцкай місіі.

У 1958 годзе а. Кастусь Маскалік выехаў у Парыж на пасаду кіраўніка Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, аднак у 1962 годзеён  быў пераведзены ў Рым як памочнік а. Пятра Татарыновіча ў працы на Ватыканскім радыё. У 1985 годзе айцец Кастусь Маскалік вярнуўся ў Лондан на працу ў Місіі.

Кастусь Маскалік пахаваны на могілках св. Панкрата ў Лондане, побач з магіламі біскупа Часлава Сіповіча, а. Язэпа Германовіча і іншых беларускіх каталіцкіх святароў.

Беларускае Радыё Рацыя