“Срэбныя росы” засталіся незавершанымі
Да 100-годдзя беларускага празаіка, драматурга і публіцыста Алеся Рылько.

27 сакавіка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Алеся Рылько (1923-1967).
Родам пісьменнік быў з Талачынскага раёна. Скончыў педагагічныя курсы ў Оршы і Белдзяржуніверсітэт.
Падчас Другой сусветнай вайны быў разведчыкам у партызанскім атрадзе “Перамога” брыгады Канстанціна Заслонава, потым мінёрам спецгрупы “Непераможныя”. Атрымаў раненне.
Пасля вайны Алесь Рылько працаваў адказным сакратаром Баранавіцкага аблспарттаварыства “Дынама”, настаўнічаў на Пастаўшчыне, працаваў у газеце “Савецкі селянін” і ў часопісе “Вожык”, літаратурным кансультантам у Саюзе пісьменнікаў БССР.
Друкавацца Алесь Рылько пачаў з 1946 года. Першае апавяданне “Сама зразумела” было змешчана ў часопісе “Вожык”, а ў 1952 годзе з друку выйшаў першы зборнік твораў празаіка “Мае сустрэчы”. Потым свет пабачылі яго кнігі апавяданняў і камедый “Цвіце чаромуха”, гумарыстычных апавяданняў “Стуканок у аблавушцы”, апавяданняў і нарысаў “Ты прыгожая, Арынка”, аднаактовай п’есы “Гром з яснага неба”, камедый і сцэнак “Колькі вяровачку ні віць”, аповесці для дзяцей “Мядовыя краскі” і іншыя кнігі.
Для творчасці Алеся Рылько характэрны ярка выяўлены гумарыстычна-сатырычны элемент, каларытная, па-народнаму дасціпная мова, увага да трапнай дэталі, дынамічны, экспрэсіўны стыль. Але галоўным у творчасці пісьменніка застаецца лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей-працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі падчас Другой сусветнай вайны, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.
Трагічная смерць Алеся Рылько ад няшчаснага выпадку перапыніла яго працу над раманам “Срэбныя росы”. Пахаваны пісьменнік на Усходніх могілках у Менску.


Беларускае Радыё Рацыя