Старэйшы лідскі паэт прэзентаваў новую кнігу



У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя новай кнігі аднаго са старэйшых і самых аўтарытэтных пісьменнікаў Лідчыны Уладзіміра Васько „Неабдымнае”. На прэзентацыі прысутнічалі бібліятэкары, музейныя супрацоўнікі, настаўнікі, сябры і літаратары Ліды.

У новай кнізе Уладзіміра Васько змешчаны вершы, байкі і апавяданні пісьменніка, у тым ліку раннія вершы, якія не ўвайшлі ні ў адзін з яго папярэдніх зборнікаў. Радуе тое, што лідскі літаратар працягвае актыўна праяўляць сябе як у паэзіі, так і ў прозе.

Увазе прысутных быў прадстаўлены падрыхтаваны бібліятэкай буктрэйлер (відэаагляд) па новай кнізе Уладзіміра Васько. Падрыхтавалі бібліятэкары і выставу кніг пісьменніка, якая дзейнічала падчас мерапрыемства ў канферэнц-зале.

Сам Уладзімір Васько шчыра падзякаваў за арганізацыю прэзентацыі,  расказаў прысутным пра тое, як стваралася яго новая кніга, як нараджаліся асобныя творы, якія ўвайшлі ў яе. Пісьменнік прызнаўся, што вершы ў яго нараджаюцца пераважна ноччу, а над апавяданнямі ён працуе днём. Сюжэты апавяданняў падгледжаны з жыцця, але пры гэтым творы не з’яўляюцца дакументальнымі – у іх прысутнічае аўтарскі вымысел.

Беларускае Радыё Рацыя