Сябры ліквідаванага Таварыства беларускай школы працягваюць дзейнасць



Не ўсімі працэсамі можна зверху кіраваць”,– адзначыла Тамара Мацкевіч. Намеснік старшыні ліквідаванага ў 2021 годзе Таварыства беларускай школы не пакідае дзейнасці на карысць беларускай асветы.

Тамара Мацкевіч Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Родная мова беларусаў, асабліва падчас палітычнага крызісу ў 2020 годзе, пачала ўспрымацца як сімвал перамен. На жаль, сітуацыя ў афіцыйнай сістэме адукацыі не паляпшаецца, кажа намеснік старшыні ТБШ Тамара Мацкевіч:

– Там ідзе панаванне расейскай мовы, гэта адбываецца з парушэннем Канстытуцыі, бо ў нас задэклараваны роўны статус абедзвюх моваў. Але не ўсімі працэсамі можна зверху так кіраваць. І падзеі ва Украіне паказалі, што такое “рускі свет”. І зараз вядуцца дыскусіі ў сацыяльных медыя, напрыклад, пра школьныя праграмы. Пытанні ўздымаюцца вельмі часта. Напрыклад, што трэба мяняць праграму па літаратуры. Раней мы гэтага, не ведаю чаму, не казалі, а цяпер гэта адкрыта.

17 верасня 2021 года Таварыства беларускай школы ліквідавалі. Арганізацыя праіснавала ў Беларусі 100 год з перапынкамі ў савецкія часы. Тамара Мацкевіч падкрэсліла, што нягледзячы на афіцыйную ліквідацыю ТБШ, сябры арганізацыі працягваюць культурна-асветную дзейнасць.

Беларускае Радыё Рацыя