Сяргей Пульша: «Ліхтар» – канал для тых, хто не цікавіўся Беларушчынай раней
У незалежнага выдання “Новы час” з’явіўся новы тэлеграм-канал, які мае назву “Ліхтар”.

Распавядае журналіст выдання – Сяргей Пульша:
– Мы, у першую чаргу, як і ўсе астатнія СМІ, гуляем з рэжымам у даганялкі. Ідэя гэтага праекту з’явілася тады, калі пачалі масава аб’яўляць тэлеграм-каналы экстрэмісцкімі. І было зразумела, што рана ці позна аб’явяць і нашыя рэсурсы экстрэмісцкімі. Мы вырашылі ствараць такую платформу загадзя, каб потым перайсце на яе, на не эстрэмісцкую.
Па словах Сяргея, тэлеграм-канал “Ліхтар” будзе больш накіраваны на чытача, які любіць доўгія тэксты:
– Гэты канал не будзе паўтараць звычайны тэлеграм-канал „Новага часу”. Гэта сапраўды такі больш культурніцкі канал, канал для тых, хто любіць чытаць і асэнсоўваць. Мы глядзелі на наш сайт, які працуе ўжо больш за 10 гадоў, і пабачылі, што там багата цікавых матэрыялаў, якія амаль невядомыя тым, хто не цікавіўся беларушчынай раней.
У незалежнага выдання “Новы Час” прызнаны экстрэмісцкім толькі тэлеграм канал, але выданне таксама мае сайт і яны робяць рэпосты ў сацыяльных сетках.
Беларускае Радыё Рацыя