Сяржук Доўгушаў пра фестываль SONCAHRAJ



На Падляшшы працягваецца фестываль беларускай традыцыі SONCAHRAJ. У бліжэйшую нядзелю, 18 чэрвеня, усіх ахвотных запрашаюць у вёску Цяснэ каля Супрасля, каб разам паспяваць, патанцаваць, але таксама і смачна з’есці. Наш сённяшні госць Сяржук Доўгушаў – адзін з актыўных удзельнікаў гэтага фестывалю. Запрашаем на размову.

РР: Наколькі гэты фестываль знайшоў сваё месца і запатрабаванасць тут і ў гэты час?

– Я вельмі цешуся, што з’явіўся такі фестываль. Ён толькі пачынае выбівацца, толькі пачынае знаёміць людзей з сапраўднай традыцыйнай музыкай, чаго часам бракуе, не хапае. Часта выдаюць за фальклор розныя танцы пад балалайку і так далей. Тут сапраўды цікавы, унікальны калектыў, які ўдзельнічае і будзе ўдзельнічаць, які прадстаўляе танцавальны фальклор і спеўныя традыцыі, што вельмі радуе. Я заклікаю тых, хто зараз знаходзіцца ў Польшчы, гэта розныя суполкі, розныя арганізацыі. З гэтага сапраўды можна зрабіць цэлы цікавы тур. Паехаць на падляшскую зямлю, адчуць увесь гэты настрой, каларыт і таксама завітаць на фестываль. Нешта падобнае памятаю назіраў у Беларусі, калі ладзіліся экскурсіі. Збіраецца экскурсія, едуць глядзець Белавежскую пушчу і ў гэты самы момант заязджаюць, як фінал, наведаць такі цікавы фальклорны фестываль.

РР: Наколькі лёгка было знайсці паразуменне з мясцовымі жыхарамі?

Вельмі добра. У гэтым годзе „Спеўнаму сходу” спаўняецца дзесяць год і ніколі не было сумневаў, ніколі не было нейкага страху, што людзі не падтрымаюць песню, не будуць спяваць, не будуць баяцца. Гэта часам нават больш запамінальна, чым канцэрт. Калі падчас нейкага фестывалю з’яўляецца „Спеўны сход”, то людзі вельмі потым узгадваюць, бо яны далучаюцца. Пачынаюць спяваць і потым гэта такое яднанне людзей праз песні. Мы ўсе спяваем песні. Тут у мяне таксама былі такія думкі, сумневы ці будуць мясцовыя, тутэйшыя людзі так актыўна спяваць, як у нас пад сотню чалавек спявалі ў Менску. Але ўсё добра. Я рыхтаваўся, я браў дзве песні менавіта рэгіянальныя, каб людзям была больш зразумела іх мова, зразумела па мелодыцы, штосьці сваё. Людзі добра рэагавалі, спявалі разам. Мяне падтрымлівалі гурты, якія таксама прыехалі выступаць на фестывалі. Яны задавалі добры тон, градус спеву.

РР: У нядзелю з вамі таксама можна будзе сустрэцца ў межах „Спеўнага сходу”.

– Так, шчыра запрашаем. Будзе не менш цікава, чым у папярэднія дні фестывалю, таксама будуць выступоўцы, мясцовыя калектывы выступаюць. Ну і канешне самае важнае, гэта сустрэча з цікавай тусоўкай фалькларыстаў і тымі, хто цікавіцца фальклорам. Ёсць там і майстры, ёсць і кухня, што можна паспрабаваць. Добра прыязджаць не толькі паслухаць, але і пакамунікаваць, паразмаўляць, сустрэцца са знаёмымі. Так, я і сустракаў там розных людзей, якіх не бачыў ужо даўно.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

„Госцем Рацыі” быў музыка, стваральнік „Спеўных сходаў” і кіраўнік „Дома творцаў у Варшаве” Сяржук Доўгушаў, з якім размаўляла Яна Запольская.

Беларускае Радыё Рацыя