Таварыства Вольных Літаратараў: 30 гадоў андэграўнда
Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ) было заснавана 8 траўня 1993 года на ўстаноўчым сходзе ў Наваполацку. Галоўным арганізатарам устаноўчага мерапрыемства выступіў Алесь Аркуш. Падзея рыхтавалася некалькі месяцаў. Побач з Аркушам асноўнымі ініцыятарамі стварэння літаратурнай суполкі з’яўляліся Юры Гумянюк, Ігар Сідарук і Вінцэсь Мудроў, якія і ўтварылі арганізацыйны камітэт.


Зацятым прыхільнікам стварэння ТВЛ з’яўляўся Юры Гумянюк, які ў сваіх лістах да Алеся Аркуша (надрукаваныя ў альманаху «Асоба і час» №7, 2016) горача абмяркоўваў, як ствараць суполку, каго запрашаць, як планаваць сваю дзейнасць. Менавіта Юры Гумянюк запрасіў у сябры ТВЛ Юрася Пацюпу, Сержа Мінскевіча, Алеся Туровіча, Міколу Касцюкевіча.
Устаноўчы сход ТВЛ праходзіў у памяшканні Наваполацкага цэнтра культуры. У ім удзельнічала 15 літаратараў з розных куткоў Беларусі – з Гародні, Менску, Віцебску, Паставаў, Кобрына. А таксама прысутнічала шэраг журналістаў і культурных дзеячаў Полаччыны. Адбылася дыскусія, у выніку якой было вырашана стварыць літаратурную суполку, заснаваць свой часопіс і нават літаратурную прэмію. Галоўным каардынатарам ТВЛ быў абраны Алесь Аркуш. А таксама была прынята «Заява Таварыства Вольных Літаратараў», у якой сярод іншага адзначалася: «Камуністычная дэспатыя на Беларусі зліквідавана, а ў літаратурным жыцці Рэспублікі нічога не змянілася. Прыйшоў час на практыцы ажыццяўляць змены».

У адрозненні ад іншых літаратурных суполак, якія паўставалі ў той час, Таварыства Вольных Літаратараў было сапраўднай літаратурнай арганізацый – з афіцыйнай рэгістрацыяй, з уласным часопісам «Калосьсе», літаратурнай прэміяй «Гліняны Вялес», з пячаткай і нават рахункам у банку. Праўда, зарэгістраваным удалося праіснаваць зусім не працяглы час.
Ужо на наступны год Таварыства здолела правесці міжнародную літаратурнай канферэнцыю, на якую былі запрошаны госці з Украіны і Расеі. Сярод украінскіх гасцей, напрыклад, быў малады паэт з Харкава Сяргей Жадан, які затым стане славутым празаікам. А першыя ўгодкі заснавання ТВЛ былі адзначаны мастацкай выставай «Тэвээлаўская рэтраспектыва» ў полацкай галерэі «Рысы», на адкрыцці якой была наладжана літаратурна-музычная імпрэза з удзелам Лявона Вольскага, Касі Камоцкай, Алеся Кузьміна і інш.




Усяго ТВЛ правяло 4 міжнародныя літаратурныя канферэнцыі.
Але найбольшага поспеху сябры ТВЛ дасягнулі ў выдавецкай справе.
У 1989 годзе Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў заснавалі андэграўдны літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі» і пачалі яго выдаваць, стварыўшы выдавецкую ініцыятыву «Полацкае ляда». У 1991 годзе яны выдалі ў Полацкай друкарні першую кнігу – зборнік вершай Алеся Аркуша і Паўла Бурдыкі «Тайніца». І такім чынам распачалі кнігавыданне на Полаччыне. Іх вопыт і быў скарыстаны для выдавецкіх праектаў ТВЛ. Найбольш вядомымі сталі тэвээлаўскія кніжныя серыі «Паэзія новай генерацыі» і «Бібліятэчка часопіса «Калосьсе». Усяго было выдадзена больш 30 кніг, 11 нумароў часопіса «Калосьсе» і 6 нумароў альманаху «Ксэракс Беларускі».

З 1993 года прысуджаецца першая незалежная беларуская літаратурная прэмія «Гліняны Вялес». Сярод яе лаўрэатаў – Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Алег Мінкін, Міхась Скобла, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Андрэй Феларэнка, Міхал Андрасюк і інш.

У другай палове 90-х, пасля абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі пачаўся наступ на незалежны грамадскі сектар. ТВЛ пазбавілі рэгістрацыі, новыя правілы рэгістрацыі грамадскіх арганізацый Таварыства ўжо не здолела пераадолець, і дзейнасць суполкі перайшла цалкам у андэграўнд.

Да пачатку ХХІ стагоддзя яшчэ адбываліся імпрэзы, выходзілі кнігі. Але дзейнасць суполкі паслядоўна затухала. Дасёння ладзяцца толькі асобныя праекты, перадусім па-ранейшаму прысуджаецца літаратурная прэмія «Гліняны Вялес».
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя