Тэму радзімы, сяброўства, кахання паэт лічыў галоўнай



25 траўня споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта і перакладчыка Міколы Федзюковіча (1943-1997).

Нарадзіўся будучы паэт у сялянскай сям’і ў Драгічынскім раёне. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў літсупрацоўнікам драгічынскай раённай газеты «Чырвоная зорка», фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраённай газеты «Ленінскі шлях» на Берасцейшчыне.

У 1970 годзе скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. Быў рэдактарам у выдавецтве «Народная асвета», з 1971 года — літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», у 1975—1976 гадах — рэдактарам у рэдакцыі часопіса «Служба быту Беларусі», у 1979—1983 гадах зноў працаваў у «Чырвонай змене». 

Першыя вершы Мікола Федзюковіч апублікаваў у 1962 годзе. Аўтар зборнікаў вершаў «Зямля-магніт» (1968), «Мілавіца» (1971), «Птушыны грай» (1976), «Макаў цвет» (1979). Перакладаў з рускай, французскай і ўкраінскай моў. У 1976 годзе ў перакладзе Івана Бурсава ў Маскве выйшла кніга паэзіі «Птичье дерево». Таксама вершы паэта перакладаліся на літоўскую, украінскую і іншыя мовы.

Мікола Федзюковіч, Алесь Емяльянаў і Мікола Чарняўскі на VIII з’ездзе Саюза пісьменнікаў БССР, 1981 г.

Мікола Федзюковіч належыў да таго пакалення, дзяцінства якіх прыпала на ваенныя і пасляваенныя гады. I таму тэма вайны так хвалявала яго. Мікола Федзюковіч пісаў пра гора, што прынесла вайна, пра свае галоднае і халоднае дзяцінства. Бацька паэта Мікалай Іванавіч не вярнуўся з франтавых дарог Другой сусветнай вайны – загінуў у 1942 годзе, гэта была першая значная страта. Потым трагічна загінуў брат, не стала адзінага сына, якi загiнуў дарослым. За год да смерці паэта памерла ягоная маці Ксенія Пракопаўна, якую ён з вёскі забраў да сябе ў Мінск, і якой прысвяціў не адзін верш. Бязлітасны лёс выпрабоўваў яго на трываласць, грамадзянскую мужнасць. Тэму радзімы, сяброўства, кахання паэт лічыў галоўнай у сваёй творчасці.

Неадступнымі спадарожнікамі няўрымслівага героя яго твораў з’яўляюцца вятры і навальніцы, сонца і хмары, дажджы і травы, лясы і рэкі. Яшчэ ў першым паэтычным зборніку “Зямля – магніт” (1968) ён нібы прадказаў свой лёс, заявіў пра сваё крэда, агучыў праграму свайго “хуткаплыннага” жыцця.

У 2009 годзе ў серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя» выйшаў пасмяротны зборнік выбранай паэзіі Міколы Федзюковіча «Красадзён».

Першая кніга паэта.

Беларускае Радыё Рацыя