Цімафей Акудовіч распавёў пра „Магістраты культуры”



Праца ў межах „Магістратаў культуры” працягваецца ў Польшчы.

Адзін магістрат, прысвечаны літаратуры, ужо запушчаны. Рыхтуюцца другі і трэці, але ўжо хутчэй на адукацыйную тэматыку, распавёў каардынатар праекта Цімафей Акудовіч.

РР: Як даўно яны з’явіліся і для чаго прызначаны „Магістраты культуры”?

– Магістраты культуры, гэта праект, які ўзнік у сярэдзіне мінулага года. Яго задача раскруціць, развіць механізм збору сродкаў для карысных беларускіх культурніцкіх праектаў. Ідэя вельмі падобная да ідэі любога збору сродкаў і данатаў, але з крыху большай адказнасцю і з крыху большым удзелам тых людзей, якія далучаюцца да „Магістрату”. „Магістрат” – гэта аб’яднанне беларусаў, якія пагаджаюцца на пэўны час, на паў гады ці на год, сістэмна падтрымліваць нейкі канкрэтны беларускі праект для дасягнення зразумелых вынікаў, якія гэты праект дэкларуе. Ідэя ў тым, што цягам дзейнасці „Магістрату” удзельнікі атрымліваюць штомесяц справаздачы. Яны штомесяц данацяць дакладную, зразумелую суму грошай і па выніку атрымліваюць сертыфікат пра тое, што яны ўдзельнічалі ў гэтым „Магістраце”. У канцы ідзе падсумаванне наколькі атрымалася дасягнуць вынікаў. То бок гэта такая больш сістэматычная праца па падтрымцы беларускіх праектаў.

РР: Распавядзіце пра першы „Магістрат”, які ўжо пачаў сваю працу.

– Першы „Магістрат” мы арганізавалі ў снежні мінулага года. То бок ён дзейнічае ўжо хутка тры месяцы. Гэта „Магістрат” вакол выдавецтва „Кнігаўка”, выдавецкай дзейнасці Андрэя Янушкевіча. „Кнігаўку” зараз актыўна закрываюць у Беларусі. Ён пераехаў у Польшчу і вось мы падумалі, што гэта добрая нагода падтрымаць. Спадар Андрэй вядомы менеджар у сферы кнігавыдавецтва. Ён заўсёды амбітна падыходзіць да сваіх задач, ён выдае шмат папулярнай літаратуры, што зараз актуальна. Вось мы падумалі, што гэта самы добры кейс, каб пачаць. Спадар Андрэй і так планаваў актывізаваць сваю работу ў Польшчы па выданні беларускіх кніг, але сам па сабе ён бы рабіў гэта доўга. Накопліваў бы дастатковы капітал, каб выдаваць дастатковую колькасць кніг. Мы зараз аб’ядналіся і ў „Магістрат” увайшло амаль 300 чалавек. Падпісалі раз на месяц данаціць па дзесяць даляраў цягам паўгода. Ёсць тарыф і на дваццаць даляраў на месяц, такія ў нас ёсць аматары. Гэтыя людзі раз на месяц скідваюцца спадару Андрэю, там аўтаматычная падпіска. Ён справаздачыцца па зробленай працы, дзеліцца планамі. Такім чынам мы рухаемся ўжо тры месяцы.

РР: Што ўдалося, а што не за гэтыя тры месяцы?

Тут вельмі цяжка сказаць, бо ёсць момант таго, што мы разумеем, што мы ўкладваемся ў досыць такую далёкую перспектыву. Зараз ідуць толькі такія падрыхтоўчыя моманты. Пры ўсім пры гэтым сістэматызавалася выданне кніг, на месяц выдаецца па дзве-тры новыя кнігі. Развіваецца лагістычная сістэма, ужо стабільна працуе, можна замовіць кніжкі на Allegro.pl. Зараз ідзе адпрацоўка варыянту, каб можна было яшчэ і на Amazon набываць гэтыя кнігі, гэта будзе такі важны прарыў. Пасля ідзе праца па стварэнні сайта, зусім хутка павінен з’явіцца сайт выдавецтва Янушкевіча ў Польшчы. Ідзе падрыхтоўка новых некалькіх цікавых кніг, пра якія яшчэ пазней будзе сказана. Вельмі цікавыя новыя выданні будуць, якія без „Магістрату” былі адкладзеныя ў доўгую скрыню, а тут цяпер яны будуць запатрабаваныя.

РР: Ці надалей ідзе вывучэнне запатрабаванняў беларусаў замежжа?

Так, мы ў мінулым годзе праводзілі невялікае апытанне пра тое, што беларусам трэба ў сферы культуры. Мы перыядычна кідаем кліч з пошукам нейкіх новых ідэй для „Магістрату”. Не простая гэта задача таму, што гэта трохі нестандартны падыход. Атрымліваецца, што праект павінен штосьці паабяцаць, у нейкі канкрэтны тэрмін і быць адказным перад досыць вялікай колькасцю людзей. Гэта такі крыху маральны цяжар атрымліваецца. Не ўсе на гэта гатовыя, але мы нарэшце знайшлі некалькі праектаў, якія мы можам прыцягнуць. Я спадзяюся ў пачатку наступнага месяца запусцім наступны „Магістрат” – гэта будзе беларускі дзіцячы адукацыйны клуб, які зараз арганізоўваецца ва Уроцлаве. Гэта будзе другі „Магістрат” ну і там на падыходзе спадзяюся будзе яшчэ адзін трэці, з досыць вядомым брэндам, але пра гэта пазней.

РР: „Магістрат” нумар два. На якім этапе ён знаходзіцца?

– Зараз абмяркоўваем усё, не хацелася б загадзя ўсё раскрываць. Гэта будзе адукацыйны клуб для дзяцей і падлеткаў, зараз ён актыўна дзейнічае ва Уроцлаве. Ён зусім новы, малады, але мы верым у тое, што гэта вельмі добрая інвестыцыя. Ён вельмі хутка вырас за вельмі малы час, вельмі шмат дзяцей да яго далучаецца. Як толькі мы ўсё прадумаем, пра ўсё дамовімся, то дзесьці з красавіка можна будзе далучыцца, мы дадзім вялікую рэкламу.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

За дзейнасцю „Магістратаў” можна сачыць праз сацсеткі ў Тэлеграм і Інстаграме.

Беларускае Радыё Рацыя