Цёця Уладзя любіла Вялікакракоцкую бібліятэку імя Янкі Купалы
25-га снежня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Уладзіславы Францаўны Луцэвіч – жонкі Янкі Купалы і першай дырэктаркі прысвечанага яму музея ў Менску, ініцыятаркі музеефікацыі Вязынкі, Ляўкоў, ушанавання памяці паэта на Беларусі і ў замежжы.
Уладка, цёця Уладзя, Уладзіслава Францаўна, Купаліха – так яе называлі пры жыцці. А яшчэ Уладзіслава Францаўна вельмі любіла вёску Вялікая Кракотка на Слонімшчыне.
Справа ў тым, што ў вёсцы Вялікая Кракотка ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы (ТБШ) вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра беларускага народа.
Вялікую дапамогу ў рабоце бібліятэкі аказала менавіта жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Жывучы ў Менску, цёця Уладзя амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку лісты, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі.
-

????????????????????????????????????
На фота: Уладзіслава Францаўна Луцэвіч у вёсцы Вялікая Кракотка на Слонімшчыне 1950-я-гады.
Сустрэчы з гэтай жанчынай былы дырэктар Вялікакракоцкай сельскай бібліятэкі імя Янкі Купалы Аляксандр Жыткевіч (у 1999 годзе яго не стала) заўсёды ўспамінаў з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Яна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы. Дзякуючы цёці Уладзі, для бібліятэкі прыслалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя дзеячы нацыянальнай літаратуры.
На вялікі жаль, Купалаўская бібліятэка ў вёсцы Вялікая Кракотка праіснавала 80 гадоў. Яна перажыла ўсе войны і рэпрэсіі, а вось сённяшні час перажыць не змагла.
Яе закрылі ў 2007 годзе, а сёлета ліквідавалі і сам будынак бібліятэкі. Калі б сёння жыла Уладзіслава Францаўна, то, мажліва, гэтага не здарылася б.
На фота: Уладзіслава Францаўна Луцэвіч выступае на 30-годдзі Вялікакракоцкай бібліятэкі імя Янкі Купалы, Слонімскага раёна, 1957г.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара


