У Беларусі і Расеі немагчыма будзе здаць тэсты TOEFL



Міжнародная сістэма ацэнкі ангельскай мовы TOEFL прыпыніла правядзенне тэстаў у Расеі і Беларусі,  піша devby.io. Прычынай называецца „абвастрэнне знешнепалітычнай абстаноўкі” — то-бок, вайна ва Украіне.

Фота: abroadin.com

Кампанія патлумачыла ў сваім лісце, што ўдзельнікі тэставання атрымаюць ці ўжо атрымалі паведамленні на гэтым тыдні.

Напярэдадні сістэма IELTS таксама заявіла, што прыпыняе здачу тэстаў для расейцаў. Гэты крок тлумачыўся рашэннем уласнікаў іспыту — British Council і Cambridge Assessment English.

Сертыфікаты тэстаў TOEFL, якія пацвярджаюць узровень валодання ангельскай мовай, патрэбныя для паступлення ў многія ВНУ Еўропы, ЗША і Азіі. Таксама іх патрабуюць розныя замежныя кампаніі пры прыёме на працу.

Беларускае Радыё Рацыя