У Беластоку прайшла сустрэча з беларускім пісьменнікам Алегам Мінкіным



У Беластоку ў прасторы „МедыяМост” адбылася творчая сустрэча з беларускім пісьменнікам, паэтам і перакладчыкам – Алегам Мінкіным, якая праходзіла ў фармаце гутаркі. Вядоўцам сустрэчы быў Алесь Аркуш.

Падчас яе можна было задаваць пытанні пісьменніку, паслухаць яго вершы, а таксама аповеды пра жыццё і творчасць. Таксама было прэзентаванае перавыданне, з найноўшай версіяй, рамана-антыўтопіі „Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў”.

Кажа Алег Мінкін:

-Калі я знаходжуся ў кантрастных абставінах да паэзіі, да літаратуры, трапляю ў нейкія сітуацыі жыццёвыя, тады мне лягчэй пішацца. Такая раздвоенасць атрымліваецца. Жывеш і ёсць нешта святое, таму што заўсёды пісаў толькі тады, калі гэта прыходзіла да мяне. Як наркотык нейкі. А калі прыходзіла, я ўжо пісаў, каб верш быў дасканалы.

Алег Мінкін – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар зборнікаў паэзіі і прозы, а таксама дзіцячых кнігаў і перакладаў. Лаўрэат прэмій «Гліняны Вялес» і імя Міхася Стральцова. У гэтым годзе адзначыў свой 70-гадовы юбілей. З другой паловы 90-х жыве ў Вільні.

Беларускае Радыё Рацыя