У Доміку Таўлая прэзентавалі “Ад Лідскіх муроў”



У Лідскім літаратурным музеі (Домік Таўлая) прайшла прэзентацыя 10-га нумара лідскага літаратурнага зборніка “Ад лідскіх муроў”. Зборнік памерам 524 старонкі ўключае даробак лідскіх літаратараў за 2020-2021 гады. У зборніку звыш 30 аўтараў, многія з якіх прысутнічалі на прэзентацыі.

Асноўнае слова трымаў галоўны рэдактар зборніка паэт Станіслаў Суднік, які адзначыў высокі ўзровень паэзіі і асабліва прозы, чаго не было ніколі раней. Заўсёды проза ў Лідзе адставала, але не цяпер. Уладзімір Васько, Віктар Праўдзін, Наталля Тананушка, Таццяна Сямёнава. Здабытая з глыбінь “Аповесць пра Таўлая” Уладзіміра Калесніка і першая аповесць з тэтралогіі Веры Навіцкай пра Мусю Старабельскую.

Даследаванне Леаніда Лаўрэша пра лідскіх графінь-пісьменніц пачатку ХІХ стагоддзя Сафію дэ Шуазёль Гуф’е і Ганну Патоцкую, якія пісалі па-французку і творчць якіх практычна не вядомая ў Беларусі.

Наперадзе ў лідскіх літаратараў сёлета яшчэ два важныя мерапрыемствы: конкурс на прэмію імя Валянціна Таўлая за  лепшы патрыятычны твор (падвядзенне вынікаў у сярэдзіне верасня падчас Фестывалю лідскай кнігі і друку); 5-ты конкурс імя Веры Навіцкай “Дарослыя дзецям” (падвядзенне вынікаў у канцы снежня). Як бачым, літаратурнае жыццё ў Лідзе не спыняецца.

Беларускае Радыё Рацыя