У Гомелі плануюць забудаваць тэрыторыю, якая прылягае да гарадзішча “Шведская горка”
Гомельскія краязнаўцы выступаюць у абарону ўнікальнага помніка археалогіі ўзростам у 2,5 тысячы год. У выніку будаўнічых прац, якія вось-вось распачнуцца каля гарадзішча “Шведская горка”, могуць пацярпець ахоўныя зоны помніка.

Кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў бачыць у забудове тэрыторыі вакол гарадзішча прыкметы парушэння заканадаўства.
-Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, распрацоўка дакументацыі, а тым больш будаўніцтва ў непасрэднай блізкасці ад аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, у якіх не вызначаны зоны аховы, забаронена. Мясцовыя ўлады, у парушэнні заканадаўства, пачынаюць працэдуру падрыхтоўкі гэтай тэрыторыі для забудовы.

Яўген Малікаў прапаноўвае альтэрнатыўныя варыянты выкарыстання археалагічнага аб’екта.
-Узнікла даўным-даўно ідэя, што вакол гэтага помніка варта зрабіць такі ландшафтна-археалагічны парк, які буферам прыкрываў бы гэты аб’ект ад уздзеяння сучаснага горада. У больш далёкай перспектыве можна было б аднавіць гэтае гарадзішча і зрабіць з яго музей жывой археалогіі.
Паводле планаў гомельскіх гарадскіх уладаў, на прылеглай тэрыторыі вакол гарадзішча “Шведская горка” запланавана ўзвядзенне 14 шматкватэрных дамоў. Супраць гэтага праекту актыўна выступаюць гомельскія гісторыкі і краязнаўцы.
Беларускае Радыё Рацыя