У Пінску адкрылі новы музей “Сцяжынкамі габрэйскай гісторыі”



У Пінску ўрачыста адкрылі новы музей “Сцяжынкамі габрэйскай гісторыі”, які размясціўся ў памяшканні школы “Бейс-Агарон”. Экспазіцыя распавядае пра мінулае пінскай габрэйскай грамады, а гэта пяць стагоддзяў. Тут рэчы з побыту, рэлігійнага жыцця, асаблівае месца займае тэма Халакосту.

Іосіф Ліберман

Краязнаўца Эдвард Злобін адзначае, што глебу пад музей шмат гадоў таму заклаў заўчасна памерлы старшыня мясцовага габрэйскага аб’яднання:

– Яўрэйская гісторыя – неад’емная частка горада Пінска. З’яўленне музея адбылося на аснове дакументаў, матэрыялаў, якія збіраў Іосіф Ліберман. Проста яго зборы перанеслі і аформілі па-новаму. Таму варта адзначыць, што гэты музей створаны па ініцыятыве і непасрэдна Іосіфам Янкевечам Ліберманам. Гэтая экспазіцыя не была завершана пры яго жыцці.

Суразмоўца дадае, што па вялікаму рахунку ўвосень 1942 года нацысты цалкам знішчылі пінскую габрэйскую грамаду. Цудам ацалілі адзінкі і захаваліся нешматлікія рэчы, але дзякуючы музею памяць адраджаецца.

Беларускае Радыё Рацыя