У Пінску ўшанавалі памяць Гелены Скірмунт



Кветкі і знічы ў гонар мастачкі і скульптара, актыўнай удзельніцы вызваленчага паўстання 1863 года Гелены Скірмунт. Яе магілу на старажытным некропалі Пінска наведалі ўдзячныя нашчадкі, каб ушанаваць памяць з нагоды 160-годдзя пачатку паўстання Каліноўскага. Гелена Скірмунт дапамагала на Піншчыне атраду Рамуальда Траўгута.

Фота Гелены Скірмунт, зробленае ў 1857 годзе.

Нягледзячы на ліхалецці і ганенні, невялікая творчая спадчына мастачкі ацалела на беларускім Палессі, адзначае краязнаўца Эдвард Злобін:

– Да стагоддзя маці яе дачка Канстанцыя ў 1927 годзе выдала шыкоўны альбом, нават па сучасных мерках, з рэпрадукцыямі высокай якасці, як графічных, так і скульптурных прац. Альбом зараз захоўваецца ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску. Можна пабачыць распяцце яе аўтарства ў касцёле ў Янаве Палескім, цяпер Іванава. Першапачаткова распяцце знаходзілася ў касцёле ў Ахова. Пасля закрыцця распяцця было перанесена ў Пінск, а пасля перададзена ў янаўскі касцёл.

За дапамогу паўстанцам Гелену Скірмунт разам з яе сям’ёй рэпрэсавалі. Канфіскавалі невялікі маёнтак Калоднае, цяпер вёска ў Столінскім раёне, і выслалі ў глыб Расеі. Пасля смерці яе перапахавалі ў Пінску. Сябры надрукавалі дзённік мастачкі „З жыцця ліцвінкі”.

Беларускае Радыё Рацыя