У Польшчы выйшаў у пракат мастацкі фільм «Арляняты. Гародня ’39»



У Польшчы выйшаў у шырокі пракат мастацкі фільм «Orlęta Grodno ’39». У кінастужцы расказваецца гісторыя гераічнай абароны Гародні 20-22 верасня 1939 года, калі жыхары горада спрабавалі бараніць яго ад савецкіх войскаў, якія прыйшлі яго захопліваць згодна папярэдняга савецка-германскага пагаднення.

Па словах гарадзенскага гісторыка і журналіста, аўтара кніг пра Гародню – Руслана Кулевіча, гэта першы фільм, які расказвае пра тыя падзеі і рана ці позна ён павінен быў з’явіцца.

– Я спадзяюся мы, беларусы, таксама калісьці зробім свой фільм і пакажам абодва бакі. Хто для нас, гарадзенцаў, былі савецкія салдаты ў 39-м годзе: вызваліцелі ці акупанты? А чаму так адбываецца, бо не ведаюць гісторыю, гісторыю пішуць пераможцы. Беларусь стала савецкая і вось яны пішуць, што гэта быў вызваленчы паход Чырвонай арміі. Але насамрэч гарадзенцы выйшлі на абарону горада, у горадзе чакалі немцаў, а выпадкова прыйшлі Саветы.

Здымкі мастацкай стужкі «Orlęta Grodno ’39» распачаліся яшчэ ў 2019 годзе, але былі прыпыненыя з-за пандэміі. Антураж гарадзенскіх вуліц здымаўся ў Радаме, Варшаве, Познані, Модліне і іншых, найбольш падобных да Гародні, гарадах. Рэжысёр кінастужкі – Кшышытаф Лукашэвіч, таксама вядомы беларускім гледачам працай над мастацкім фільмам „Жыве Беларусь!”.

Беларускае Радыё Рацыя