У Саколі беларускай песняй спынілі дождж і завяршылі купальскі цыкл фестываляў



У вёсцы Саколі ля Міхалова прайшоў фінальны Фестываль Беларускай Традыцыі SONCAHRAJ, дзе большасць праграмы склалі выканаўцы фальклору з Беларусі. Пра важнасць свята разважае практыкуючы этнограф і выкладчыца Ірына Мазюк, якая правяла спеўныя лекцыі і нават паказала, як здаўна песнямі беларускі разганялі непагадзь:

– Людзі пачынаюць размаўляць пра сваю прыналежнасць да тутэйшай культуры, пра сваю прыналежнасць да праваслаўя. Заўсёды ідзе размова паміж старэйшымі людзьмі аб гэтым – ад моладзі я не чула, каб яны такія праблемы абмяркоўвалі. Я ведаю, што людзі вельмі часта ўзгадваюць пра тое, што ў іх дзядэк быў беларусам ці баба.

На фестывалі SONCAHRAJ таксама выступілі беларускія гурты ASTROŪNA (Астроўна), GUDA (Гуда) і KRIWI (Крыві), якія прадставілі свае ўжо вядомыя і новыя песні,заснаваныя на сабраным у Беларусі народным фальклоры. Завяршыўся фестываль Купальскім вогнішчам.