У цэнтры Ліды з’явіўся мурал пра каханне, старажытныя плямёны і гарадскую культуру
На фасадзе пяці-павярховага дома па адрасе Ленінская, 17 з’явіўся мурал «Каханне». Некаторыя гісторыкі лічаць, што Ліда нейкі час была цэнтрам легендарнага Дайноўскага княства.

Аўтары мурала натхніліся адной з песень ансамбля «Песняры» – «Дайнова». У ёй расказваецца рамантычная гісторыя дзяўчыны-яцвяжкі (дайнова) і хлопца-літвіна, з якіх і пачалося мірнае суіснаванне раней варожых плямёнаў. Героямі карціны на пяціпавярховіку сталі сучасныя маладыя людзі, якія, як іх продкі, ствараюць будучыню горада на прынцыпах кахання і творчасці. Паводле аўтараў, у іх вобразах таксама можна ўбачыць саюз пяшчотнага прыроднага пачатку і сучаснай гарадской культуры.