У турме яго катавалі



4 лістапада спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага пісьменніка і актыўнага грамадскага дзеяча Цішкі Гартнага (Зміцера Жылуновіча).

Зміцер Жылуновіч нарадзіўся ў 1887 годзе ў Капылі ў сялянскай сям’і. У яго бацькоў не было ні каня, ні каровы, ні ўласнай зямлі. Бацька Зміцера працаваў гарбаром, а маці была падзёншчыцай. Ужо з дзяцінства пачаў працаваць і хлопец: то ў гарбарнай майстэрні, то пастухом. 

Чытаць Зміцер навучыўся ад бацькі. Хлопец так зацікавіўся вучобай, што да яго нават запрашалі хатніх настаўнікаў, і ва ўзросце 15 гадоў ён паступіў у Капыльскае двухкласнае вучылішча.

У 1904 годзе 17-гадовы Зміцер Жылуновіч упершыню трапіў на мітынг сацыял-дэмакратаў, і так захапіўся іх дзейнасцю, што стаў сябрам арганізацыі. Ён карыстаецца іх бібліятэкай, знаёміўся з актывістамі, прымаў ўдзел у рэвалюцыйных дзеяннях, а ў 1906-м увахойшоў у камітэт сацыял-дэмакратычнай партыі і адказваў за асветніцкую работу сярод моладзі. Гэта дзейнасць выклікала цікаўнасць да яго асобы, асабліва ў мясцовай паліцыі, бо калі ў гэтым жа годзе ён спрабуе паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе каля 20 гадоў таму вучыўся Якуб Колас, Жылуновіча не бяруць з-за палітычнай дзейнасці.

У 1908 годзе яму ў рукі трапляе беларускамоўная «Наша Ніва». Паэта так здзіўляе яе даступнасць і блізкасць да навакольнага жыцця, што ён вырашае пісаць па-беларуску, і ў яго з’яўляецца мара пазнаёміцца з нашаніўскай рэдакцыяй. З першага заробку Зміцер Жылуновіч пачынае выпісваць газету і кожную нядзелю збіраецца з сябрамі, каб яе пачытаць. Ужо праз год яго беларускамоўны верш «Бяздольны» быў надрукаваны ў «Нашай Ніве».

З таго часу творы Жылуновіча з’яўляюцца ў кожным нумары газеты, і падпісваецца паэт ужо як Цішка Гартны. Хутка Зміцер выпраўляецца ў Вільню, каб пазнаёміцца з нашаніўцамі. Ён марыць уладкавацца на працу ў рэдакцыю, але на месцы разумее, што гэта немагчыма, у асноўным праз недахоп належнай адукацыі. Таму Цішка Гартны вырашае вандраваць, асабліва па месцах з гарбарскай прамысловасцю і знаёміцца з жыццём гарбароў. Так, у пошуках працы і ўражанняў Зміцер пабываў у шматлікіх гарадах Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі. А ў 1913 годзе ён спыняецца ў Санкт-Пецярбурзе і пачынае працаваць на заводзе «Вулкан». 

У 1917 годзе беларус збліжаецца з Беларускай сацыялістычнай грамадой, становіцца адным з яе лідараў і прымае актыўны ўдзел у Лютаўскай рэвалюцыі. З гэтага часу для Жылуновіча пачынаецца вельмі актыўнае дзесяцігоддзе, як у грамадска-палітычнай дзейнасці, так і ў літаратурнай.

Жылуновіч становіцца сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, рэдагуе газету на беларускай мове «Дзянніца». Пазней узначальвае Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і піша яго Маніфест, выпускае газету ў Харкаве «Красная заря». У 1921 годзе Зміцер Жылуновіч пераязджае ў Менск, становіцца членам ЦВК БССР, працуе рэдактарам «Савецкай Беларусі» і часопіса«Полымя». Ён быў абраны акадэмікам Акадэміі Навук і намеснікам народнага камісара асветы БССР.

Менавіта ў 1920-я – напачатку 1930-х гадоў выходзіць большасць яго зборнікаў. Гэта і п’есы «Хвалі жыццяі», і раман «Сокі цаліны», і апавяданні «Трэскі на хвалях», і, вядома ж, шматлікія зборнікі вершаў. Ён пісаў таксама аповесці, літаратурна-крытычныя артыкулы, пераклаў на беларускую мову раман «Апошні з удэге» Аляксандра Фадзеева, пачаў перакладаць «Мёртвыя душы» Гогаля і г.д.

Жыццё Жылуновіча цалкам змянілася, калі ў 1931 годзе ён быў выключаны з партыі з афіцыйнай фармулёўкай «за ўдзел у антыпартыйных групоўках і сувязь з фашысцкімі элементамі». Яго адправілі амаль што на «перавыхаванне» на менскі завод імя Варашылава, і ён больш не займаў вялікіх пасадаў. Але Жылуновіч усё роўна заставаўся Цішкай Гартным, пісьменнікам і гісторыкам. У некаторых сваіх працах ён апісваў, як стваралася БССР, і яго погляд супярэчыў афіцыйнай гісторыі. Пачаўся пераслед Жылуновіча, і яго выключэнне з партыі аказалася толькі прэлюдыяй да далейшых дзеянняў. 

У 1936-1937 гадах за краты трапілі дзясяткі беларускіх пісьменнікаў, сярод іх аказаўся і Зміцер Жылуновіч. Ім прыпісалі ўдзел у антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі, а Жылуновіча хацелі зрабіць яе кіраўніком. Асабліва на гэта паўплываў факт, што ранней пісьменнік быў актыўным лідарам БСГ.

У турме Цішку Гартнага моцна катавалі, аказвалі на яго маральна-псіхалагічны ціск і выбівалі паказанні пра тое, што ёсць план падрыву БССР і рыхтуюцца тэракты. Ён доўга адмаўляўся ад абвінавачванняў. Але хутка яму прыгразілі, што калі не возьме віну на сябе, будуць арыштаваныя яго жонка і дачка-студэнтка, якія знаходзіліся ў Ленінградзе. Зміцер падпісаўся пад паказаннямі. Хаця, нягледзячы на гэта, жонку і дачку адправілі ў ссылку за сувязь з «ворагам народа». І, калі ў дачкі атрымалася выжыць, то лёс жонкі Зміцера Жылуновіча невядомы.

Пастаяннае псіхічнае напружанне сказалася на здароўі пісьменніка, у хуткім часе яго перавялі ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу. Там у 1937 годзе, ва ўзросце 50 гадоў, пісьменнік памёр.

Беларускае Радыё Рацыя