У Варшаве паказалі спектакль “Гульня” пра дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны
Па сюжэце пастаноўкі, героі з-за акупацыі і абстрэлаў засталіся без дамоў, бесклапотных гульняў і бацькоўскай цеплыні. Тады дзеці ствараюць уласны свет у паўразбураным доме, які і стаў пляцоўкай для гульні. Тут яны апранаюцца ў сукенкі, акуляры і кароны і на час пераўтвараюцца ў дарослых.

Спеклакль створаны па матывах сербскай п’есы Біляны Србляновіч «Сямейныя гісторыі». Яго рэжысёрам выступіла дзеячка з Марыўпалю Святлана Дарончанка. Усе ролі выконваюць 4 актрысы.
Чым твор адметны для іх, распавялі артысткі Юлія Букала і Ганна Цыганкова.
– Усе мы родам з дзяцінства. І спектакль пра дзяцей, і ён настолькі пра вайну, як і настолькі пра любоў, пра бацькоўскую ўвагу, або яе адсутнасць. І ў некаторыя моманты мне здаецца, не толькі нам, яна блізкая ва ўсіх адносінах для ўсіх бацькоў і дзяцей.
– Тэма вайны ўніверсальная. А яшчэ калі мы тут пакідаем дзяцей, гэта паказвае трагічнасць сітуацыі. Для мяне гэта асабіста цікавы праект, таму што знайсці ў сябе зноў дзіця, і яшчэ ў такіх абставінах, гэта дужа складана псіхалагічна для акцёра, але гэта каштоўны досвед.
Падзея прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі. Падчас яе былі сабраныя данаты ў падтрымку беларускіх ваяроў ва Украіне.
Паказ спекталю адбудзецца і ў гадавіну паўнамаштабнага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіны – 24 лютага.









Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя