У Вільні пройдзе вечарына памяці Алеся Разанава
Сёння, 12 снежня, у Вільні у Клубе пісьменнікаў пройдзе вечарына памяці Алеся Разанава. Сярод арганізатараў мерапрыемства – перакладчыца Альма Лапінскене, якая прадставіць новую кнігу пункціраў Разанава ў сваім перакладзе.

Алесь Разанаў з’яўляўся ганаровым сябрам Саюза пісьменнікаў Літвы. Разанаў не толькі перакладаў, але і сам пісаў творы па-літоўску, якія ў 2018 годзе выйшлі асобнай кнігай.
Вечарына памяці Алеся Разанава, якая пачнецца а 18-ай гадзіне, закрывае Год беларускай літаратуры, абвешчаны Саюзам перакладчыкаў Літвы з нагоды 500-х угодкаў пачатку кнігадрукавання ў ВКЛ і з мэтай падтрымкі беларускіх пісьменнікаў і перакладчыкаў у цяжкі для Беларусі час.
У вечарыне бяруць удзел: мастацтвазнаўца Уладас Бразюнас; культуролаг Сяргей Харэўскі; паэтка, філосафка Аўшра Казілюнайтэ; паэтка, перакладчыца Ванда Марцінш; пісьменнік Андрэюс Антонавас; літаратар Андрэй Антонаў; цымбалістка Хана Лепяшкевіч.
Весці вечар будзе літаратуразнаўца і перакладчыца Альма Лапіньскене.
У рамках Года была выдадзена анталогія сучаснай беларускай паэзіі “Белыя чырвоныя белыя” і нумар часопіса “Metai”, прысвечаны беларускай літаратуры.