Украінскі Хор на фестывалі «Гайнаўка 2022»: Жылі ў чаканні, каб толькі выступіць і дакрануцца да высокага



У Падляшскай Оперы і Філармоніі ў Беластоку прайшоў другі конкурсны дзень 41-ага Міжнароднага Фестывалю Царкоўнай Музыкі «Гайнаўка 2022». Для гледачоў выступілі госці з Украіны – хор «Знаменіе» з Роўна. Уражаннямі падзяліліся дырыжоры Уладзімір і Наталля Іванык:

– Каб прадстаўляць Украіну на міжнародным конкурсе мы не рыхтаваліся, бо не ведалі наогул, што будзе заўтра, не толькі, што нас могуць выпусціць, бо ў нас змяшаны склад, ёсць мужчыны прызыўнога ўзросту. Нам у апошнія суткі далі дазвол з Кіева. Мы рызыкнулі, калі пагадзіліся, наш уладыка Іларыён сказаў: працуйце, перемагайце.

– Мы радыя, што прыехалі, мелі надзвычай вялікае задавальненне спяваць у Варшаве, у касцёле евангелістаў аўгбурсгскіх з цудоўнай акустыкай і цудоўнай арганізацыяй. Наш спеў, як спеў-падзяка для польскага народу, польскага ўраду і для тых людзей, хто нас падтрымлівае.

У межах 2-га конкурснага дня праграмы фестывалю таксама выступілі хоры з Арменіі, Егіпта, Малдовы, Палестыны і Румыніі. Запрашаем усіх на ўрачысты гала-канцэрт у нядзелю, 25-га верасня ў беластоцкую Філармонію. Пачатак а 16-й.