Ва ўрочышчы Грушкі на Падляшшы адкрыецца міжнародная рэзідэнцыя для паэтаў і перакладчыкаў



Навіны Падляшша. Ва ўрочышчы Грушкі, што ў Белавежскай пушчы на самай мяжы з Беларуссю, у сакавіку адкрыецца міжнародная рэзідэнцыя для паэтаў і перакладчыкаў. Цягам 2 тыдняў тут будуць працаваць літаратары з Беларусі, Украіны ды Польшчы.

Кіяўлянка Наталля Бельчанка распавяла ў эфіры Рацыі, чым хоча заняцца ў рэзідэнцыі:

Хачу перакласці і зрабіць зборнік Рышарда Крыніцкага і кніжачку Эвы Філіпчук, яе зборнік мне падаравалі на адным з фестываляў у Гданьску, і мяне зацікавіла гэтая постаць, буду перакладаць яе вершы. Гэта сучасная паэтка, яна са старэйшага пакалення, але цікава як яна пераасэнсоўвае некаторыя рэчы. Ведаю, што на рэзідэнцыі будзе яшчэ адна ўкраінская перакладчыца Ларыса Андрыеўская, гэта ўдава Ігара Рымарука. Будзем супрацоўнічаць – і з ўкраінцамі, і з беларусамі. Усё будзе добра.

Па выніках рэзідэнцыі ў Грушках на 23 сакавіка запланаваная размова з ўдзельнікамі ў Галерэі Нараўка (Galeria Narewka). Арганізатарам выступае грамадская арганізацыя Tropinka.

Беларускае Радыё Рацыя