Валянціну Дубатоўку – 60



З самай раніцы 20 ліпеня гарадзенскага пісьменніка і мецэната Валянціна Дубатоўку родныя людзі, сябры і знаёмыя шчыра віншуюць з юбілеем – 60-годдзем з дня нараджэння.

Таленавіты і апантаны ў жыццё і добрыя справы на карысць нашай культуры і літаратуры Валянцін Дубатоўка нарадзiўся 20 лiпеня 1963 года на Зэльвеншчыне. Закончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, Гарадзенскую электратэхнiчную вучэльню. Працаваў у пажарнай частцы вытворчага аб’яднання “Азот”. У 1987 годзе заснаваў першы ў Гарадзенскай вобласцi музычны кааператыў “Актава”. З 1992 года займаецца вытворча-камерцыйнай дзейнасцю. Арганізаваў прадпрыемствы “Вiтаўт”, “Губерт”, “Фрадо”, “Тэх-Еўра-мэбля”, “Рагнеда”. Быў фундатарам гарадзенскай царквы Усіх Беларускіх Святых, кніг беларускіх пісьменнікаў, мемарыяльных дошак у гонар Ларысы Геніюш і ўдзельніка паўстання 1830 года Яўстаха Каятана Сапегi. Даследуе матэрыяльную спадчыну роду Сапегаў. Некалькі гадоў узначальваў Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Выдаў краязнаўчую кнiгу “Архiпелаг Сапегаў” (2002). А таксама кнігі прозы “Чорная воля”, “Чужы”, “Сімвал веры”, “Пажарка – прытулак для самотнага музыкі” і іншыя. Узнагароджаны памятным медалём “100 гадоў з дня народзінаў Ларысы Геніюш” і міжнароднай літаратурнай прэміяй памяці Міхася Жызнеўскага “Воін Святла” (2018).

Шчыра віншуем спадара Валянціна з юбілеем. Жадаем яму моцнага здароўя, творчых сіл, новых кніг і сямейнага дабрабыту!

Беларускае Радыё Рацыя