Вечна малады пакутнік



Да 110–годдзя беларускага пісьменніка, вязня сталінскіх лагераў Барыса Мікуліча.

Барыс Мікуліч нарадзіўся 19 жніўня 1912 года ў г. Бабруйску. Бацька яго быў выхадцам з сялян, ды ў час службы ў арміі выбіўся ў фельчары, маці працавала акушэркай. Сям’я Мікулічаў мела добрую для таго часу бібліятэку, тут любілі і разумелі мастацтва, літаратуру. Дзяцінства пісьменніка не было, аднак, бясхмарным і бесклапотным. Ад заражэння крыві памёр бацька, а праз некаторы час не стала і маці. Барыс Мікуліч рана стаў самастойным, яшчэ вучнем уладкаваўся на працу. «Універсітэтам» пісьменніка былі кнігі, людзі, жыццё. Аповесць «Вецер на світанні» ў многім біяграфічная, па ёй можна ўявіць, якое месца ў жыцці аўтара заўсёды займала кніга.

Узважваючы зробленае Барысам Мікулічам, нельга не здзіўляцца яго працавітасці і творчай актыўнасці. 3 першымі апавяданнямі ён выступіў у 1927 годзе, калі яму споўнілася толькі пятнаццаць гадоў. Адзін за адным пачынаюць выходзіць зборнікі апавяданняў і аповесцей пісьменніка: «Удар», «Чорная Вірня» (1931), «Ускраіна», «Наша сонца» (1932), «Дужасць» (1934), «Яхант» (1935), «Дружба» (1936). Акрамя гэтага Барыс Мікуліч пісаў рэцэнзіі і артыкулы пра творчасць беларускіх і рускіх майстроў слова, добра ведаў тэатральнае жыццё рэспублікі і выступаў як тэатральны крытык, займаўся перакладам.

У творах малады празаік імкнуўся адгукнуцца на запатрабаванні часу, акрэсліць тое новае, што нараджалася ў жыцці. Праўда, далёка не заўсёды ён мог убачыць складанасці і канфлікты тагачаснай рэчаіснасці, паказаць іх праз яркія чалавечыя характары. Разам з тым нельга не адзначыць, што сталенне пісьменніка адбывалася хутка, што апошнія яго перадваенныя творы (аповесці «Дужасць» і «Дружба», драматызаванае апавяданне «Rоt Fгоnt» і іншыя) вылучаюцца якраз паглыбленнем у псіхалогію герояў, менш адназначным успрыманнем рэчаіснасці.

Яшчэ больш апантана працаваў пісьменнік у 1946—1948 гадах, калі змог вярнуцца да літаратурнай дзейнасці. Ён пісаў быццам за ўсе папярэднія гады вымушанага свайго маўчання. З’явіўся раман «Адвечнае» пра нашэсце напалеонаўскай арміі на Расію ў 1812 года. Твор Барыс Мікуліч думаў прадоўжыць, паказаць беларускі народ на значным гістарычным прамежку часу. Так, расказаная аўтарам у «Адвечным» гісторыя драўлянай мадонны і мастака-самавучкі ўпамінаецца ў аповесці «Цяжкая гадзіна», у якой узнаўляюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Аднак поўнасцю ажыццявіць задуманае празаік не здолеў — занадта мала часу адвёў яму для творчасці няўмольны лёс. Пад пяром пісьменніка нарадзілася шчымлівая аповесць «Развітанне», героем яе стаў Максім Багдановіч. Уладна цягнулі празаіка падзеі нядаўна перажытай народам вайны, пасляваеннае мірнае жыццё. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў аповесцях «Цяжкая гадзіна», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», «Зялёны луг», навелах «Узнагарода», «Матчын сын» і іншыя. Аднак ні адзін твор Барыса Мікуліча не быў надрукаваным.

У 1940-я гады шлях у літаратуру для такіх, як ён, былых асуджаных, быў, па сутнасці, закрыты. Першы раз яго рэпрэсавалі ў 1936 годзе. Асудзілі на 10 год пазбаўлення волі. У 1943 года пісьменніка перавялі ў катэгорыю ссыльнага. А ў чэрвені 1947 года ён вярнуўся на Беларусь. У лістападзе была знята судзімасць.

Але напачатку 1949 года месцам жыхарства Барыса Мікуліча зноў стаў сумна знаёмы яму па папярэдняму дзесяцігоддзю Краснаярскі край. Чалавек, які не ўяўляў сябе без літаратуры, які ў самых цяжкіх і неспрыяльных умовах цягнуўся да аркуша паперы і пісаў, апошнія адпушчаныя яму гады жыцця вымушаны быў працаваць рахункаводам у канторы і дзякаваць лёсу, што яго, хворага, не адправілі на лесанарыхтоўкі…

На фота: Барыс Мікуліч з жонкай Марыяй Смеляковай і прыёмным сынам Яўгенам. 1953 год

На гэты раз Барыс Мікуліч на радзіму ўжо не вярнуўся. Памёр ён 17 чэрвеня 1954 г. у пасёлку Машукоўка Цісейскага раёна Краснаярскага краю. Гэтаму вечнаму маладому беларускаму пакутніку было толькі 42 гады.

Беларускае Радыё Рацыя