Віктар Сямашка: Паэзія – гэта таксама від музыкі
26 студзеня выйшла кніга вершаў нашага калегі Віктара Сямашкі “Аўтар мае рацыю заўжды”. Наконт гэтай падзеі ды ўвогуле пра музыку і паэзію Міхал Андрасюк размаўляе з аўтарам кнігі. Як зазначае Віктар Сямашка, назва кнігі не адсылае да месца яго працы.

Віктар Сямашка: Напісаная кніга была ўжо даўно і загаловак быў даўно прыдуманы, больш за 19 гадоў таму. А пад аўтарам можа маюся і не я, нешта больш шырокае і аб’ёмнае.
РР: Пра цябе кажуць радыёжурналіст, музыка, паэт. А я скажу: паэт у музыцы, музыка ў паэзіі і паклічу на дапамогу адзін з тваіх вершаў з перадапошняга зборніка “Ромб”, верш называецца “Ён Ной”.
Віктар Сямашка: Гэта на старазаветны сюжэт у такой форме нетрадыцыйнай выказаны.
РР: А я б сказаў, што гэта музыка, словы як клавішы піяніна. Дакранаешся нібыта выпадкова, нібыта інтуітыўна, нібыта дакладна да канца не ведаеш, што атрымаецца, як зайграе гэтая музыка, як прагучыць, а ў выніку атрымліваецца не банальная арыгінальная фраза.
Віктар Сямашка: Дзякую, вельмі тонка вы гэта адчулі. Вось, што тычыцца маёй музыкі, яна дакладна так і нараджаецца, як вы апісалі. Вершы – гэта ўсё ж такі справа больш рацыянальная, але ўзаемасувязь паміж імі ёсць, і, па-мойму, паэзія – гэта таксама від музыкі. Таму што яны таксама гучаць, нават калі мы іх чытаем услых, яны гучаць у нашай галаве. Таксама камбінацыя нейкіх гукаў, проста яшчэ знітаваная з канкрэтнымі сэнсамі слоў.
РР: Зараз зазірнём у новы зборнік. Чытаю і чую музыку ад піяна да фортэ.
Віктар Сямашка: Гэта такое адчуванне нашага часу.
РР: Кніга выйшла ў Беластоку, цвёрдая вокладка, 100 старонак, вершы дапоўненыя фотаздымкамі. І на фотаздымкі я звярнуў увагу, такая асацыяцыя са славутымі пасякамі Лявона Тарасэвіча. Але гэта не Тарасэвіч, не Падляшскія краявіды.
Віктар Сямашка: Гэта нават не абстрактны жывапіс. Чым мяне гэтыя здымкі зачапілі ў свой час? Я іх пабачыў у інтэрнэце, пасля звязаўся з аўтарам Аляксеем Навумчыкам, і ён пагадзіўся, каб я іх выкарыстаў. То-бок яны пры першым набліжэнні – абстракцыя поўная, проста лініі рознакаляровыя рознай шырыні, але асабліва менчукам гэта павінна быць асабліва блізкая і пазнавальная, таму што як толькі ты паглыбішся ў гэты відарыс, то зразумееш, што гэта сцены розных станцый менскага метрапалітэна.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя