Выдавец Зміцер Колас знаходзіцца ў КДБ



Як паведаміла Reform.bу крыніца з кніжных колаў, ёсць звесткі, што Зміцер Колас і яго друкар зараз знаходзяцца ў КДБ. Кніга, за якую затрымалі Зміцера Коласа, верагодна, «Польска-беларускае памежжа 1939-1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў», якая нядаўна была прызнаная «экстрэмісцкай».

У сацыяльных сетках выдавецтва „Зміцер Колас” сёння з’явілася наступная аб’ява: «Шаноўнае спадарства, выдавецтва прыпыняе сваю дзейнасць да асобнага паведамлення».

Выдавецтва «Зміцер Колас» вядомае кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі ў найлепшых беларускіх перакладах. Шырока прызнанне атрымалася кніжная серыя  выдавецтва «Паэты планеты». У цыкле выйшла 100 кніжак выбітных аўтараў свету — у прыватнасці, Г. Апалінэра, А. Міцкевіча, А. Э. Адынца, Б.І. Антоныча, Д. Паўлычкі, В. Сасюры, М. К. Сарбеўскага, У. Блэйка, Н.Ленау, Г. Гайнэ, Г. Гайма, А. Поцыу ды іншых паэтаў у перакладзе на беларускую мову ад знаных айчынных літаратараў і маладых перакладчыкаў. Толькі 28 лютага ў Менскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна прайшла імпрэза з нагоды 100 выпуска серыі.