Выйшаў фільм „Авантуры Пранціша Вырвіча”
Выйшаў на экраны беларускамоўны фільм „Авантуры Пранціша Вырвіча”, але ў Менску яго не пакажуць.

Фільм агучаны на дзвюх мовах — беларускай і расейскай. У аснову сцэнарыя Валянцін Заслужаны паклаў першую кнігу прыгодаў Вырвіча — „Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”, якая выйшла ў 2012 годзе. Усяго Людміла Рублеўская напісала ўжо пяць кніг пра героя.
Фільм знялі ў 2019 годзе, у сакавіку 2020 адбыўся перадпрэм’ерны паказ, пазней пачалі рабіць беларускую версію.
Ролю Ледніка адыграў Іван Трус, які пасля жнівеньскіх падзей 2020 году сышоў з Купалаўскага тэатру і разам з сям’ёй паехаў у Санкт-Пецярбург.
Фільм не пакажуць у Менску — згадка пра карціну адсутнічае на сайце сталічнага „Відэапракату”. Адпаведную старонку на сайце mogilevkino.by выдалілі. Пракат фільма плануецца толькі ў Пінску, Століне і Бабруйску.