Выйшаў з друку свежы нумар часопіса „Дзеяслоў”



Выйшаў з друку пяты нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”. Як і заўсёды, ён багаты на новыя цікавыя матэрыялы. Сярод якіх – вершы Насты Кудасавай, Аксаны Данільчык, Алены Ігнацюк, Кацярыны Янчэўскай і Дзмітрыя Рубіна.

Разнастайная проза ў “Дзеяслове” прадстаўлена творамі Леаніда Дранько-Майсюка, Віктара Казько, Андрэя Федарэнкі, Іны Снарскай і Алега Дашкевіча. Парадуе і дэбют Паўла Каралёва.

У часопісе друкуецца таксама заканчэнне рамана Сяргея Лебедзева (пераклад Барыса Пятровіча), вершы Станіслава Лема (пераклад Сержа Мінскевіча), проза Вольгі Ляснюк (пераклад Андрэя Налівы).

Сяргей Чыгрын знаёміць чытачоў з успамінамі пра ГУЛАГ Ігара Бурсевіча – сына вядомага заходнебеларускага дзеяча Максіма Бурсевіча (1890-1937), які загінуў у сталінскіх засценках. Прайшоў праз ГУЛАГ і сам Ігар Бурсевіч. Пра ўсё гэта чытачы даведаюцца з успамінаў.

Друкуюцца ў часопісе эсэ Васіля Аўраменкі пра Рыгора Барадуліна і кароткае эсэ пра памяць Андраніка Антаняна. Шчырыя словы Адам Глобус напісаў пра мастака Валерыя Славука і шэраг іншых матэрыялаў.

Беларускае Радыё Рацыя