Выйшла з друку кніга пра Сынковіцкі храм
У Менску накладам 1000 асобнікаў выйшла з друку ўнікальная кніга пра славуты Сынковіцкі храм “Сынковічы. Вера і вернасць”. Аўтарам кнігі з’яўляецца настаўніца Елкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Святлана Літвінчык.

Па-першае, кніга вельмі прыгожа аформлена, на добрай крэйдавай паперы, багата на каляровыя і чорна-белыя ілюстрацыі. Па-другое, у ёй надрукаваны ўспаміны людзей пра тое, якой была царква ў Сынковічах да свайго закрыцця ў 1959 годзе і пра тое, як у канцы ХХ стагоддзя яе зноў адкрывалі. Згадваецца ў кнізе і пра славутую ікону Божай Маці “Усецарыца”.
Аўтарка кнігі Святлана Літвінчык сказала, што “ідэя напісання кнігі належыць протаіерэю Арсенію Ананку, які з 2004 года з’яўляецца настаяцелем Сынковіцкай царквы. Дзякуючы яго клопатам і мудрым парадам, кніга змагла ўбачыць свет”.
Выданне “Сынковічы. Вера і вернасць” складаецца з чатырох вялікіх раздзелаў. У першы ўвайшлі ўспаміны людзей, якія пасля Другой сусветнай вайны наведвалі царкву ў Сынковічах. Гэта вельмі шчырыя ўспаміны і цёплыя згадкі пра той час. Другі раздзел аўтарка прысвяціла аднаўленню царквы. Трэці раздзел кнігі склалі ўспаміны людзей пра храм іх маленства і юнацтва.
А чацвёрты раздзел Святлана Літвінчык прысвяціла іконе “Усецарыца”, аўтарка ўключыла творы беларускіх паэтаў, прысвечаных царкве, а таксама свае ўласныя вершы, прысвечаныя гэтаму ўнікальнаму помніку.
Беларускае Радыё Рацыя