„Як паратунак – роднае слова…”



25 жніўня беларускаму паэту, драматургу, перакладчыку Петрусю Макалю споўнілася б 90 гадоў.

Obrazek posiada pusty atrybut alt; plik o nazwie макаль.jpg

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Пятрусь Макаль (1932-1996)  нарадзіўся 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне ў беларускай сялянскай сям’і. Бацькі Міхаіл і Людміла Макалі мелі кавалак зямлі. Але пасля 1939 года, калі прыйшлі саветы, бацька перайшоў працаваць фінагентам у Крушынянскі сельсавет, бо прыватную зямлю ў яго забралі. Праз пяць гадоў Міхаіл Макаль з сям’ёй пераязджае ў Саратаўскую губерню. Але радавацца не было чаму. У 1946 годзе Міхаіла Макаля рэпрэсіруюць і высылаюць у Комі АССР, а жонка з сынам вяртаюцца ў Беларусь на Гродзеншчыну. Пятрусь вучыцца ў школе, пасля заканчэння якой паступае ў Гарадзенскі будаўнічы тэхнікум. Але тэхнікум пераводзяць у Магілёў і Пятрусь Макаль, правучыўшыся два гады, паступае ў Гарадзенскі педінстытут.

Калі Петрусю Макалю споўнілася дваццаць тры гады, выходзіць у Мінску яго першы паэтычны зборнік «Першы след». Крытыка адразу заўважыла ўдалы дэбют маладога паэта.

Другі і трэці зборнікі нашага земляка «Вятрам насустрач» (1958) і »Вечны агонь» (1960) выявілі зацікаўленасць філасофскім асэнсаваннем сучаснасці, гісторыка-рэвалюцыйнай і маральна-этычнай тэмай. І ўсё ж скачком у развіцці паэта, словам яго сталасці сталі кнігі вершаў «Круглы стол» (1964) і «Акно» (1967), “Заручыны” (1979) і іншыя выданні.

Пасля Гародні Пятрусь Макаль пераязджае ў Менск. Вучыцца ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. Спачатку працуе ў “ЛіМе», затым пэўны час быў рэдактарам па эстрадным рэпертуары Міністэрства культуры Беларусі, памочнікам галоўнага рэжысёра па рэпертуары ў Тэатры юнага гледача, старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» і рэдактарам аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць».

Але дзе б ні працаваў Пятрусь Макаль, яго ніколі не пакідала паэзія. «Ён быў паэтам, які востра і балюча адчуваў жыццё, чуйна і імгненна выбухаў сэрцам на ўсе яго змены і ўзрушэнні», — пісаў пра яго Казімір Камейша.

Пятрусь Макаль з жонкай Галінай і сынам Святаславам у Кіеве, 1978 г.

Творчасці Петруся Макаля ўласціва таксама вострае адчуванне часу, імкненне зазірнуць у складаны свет сучасніка, уславіць яго стваральную працу. Радкі паэта, сугучныя сваім настроям, поўныя любові да роднай прыроды, да Беларусі і, найпеш, да роднай мовы:

Лёсу майго кірунак,

Долі маёй выснова,

Як паратунак, —

Матчына слова,

Бацькава слова,

Роднае вечнае слова!    

Пятрусь Макаль шмат пісаў пра дзяцей. У гэтых творах ён умела выкарыстоўваў беларускія фальклорныя традыцыі, узбагачаў іх, адкрываў дзецям таямніцы роднага слова, вучыў іх любіць прыроду, бацькоўскую зямлю. Юным чытачам паэт прысвяціў некалькі сваіх кніг. Сярод іх — «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песня згоды» (1983), «Чарадзейная скарбонка» (1987), «Я гатую абед» (1989). Наш зямляк пісаў казкі, апавяданні і нават загадкі. Іх любілі дзеці, бо яны напісаны вельмі шчыра, а найперш лёгка чытаюцца:

Па пакоі ходзіць робат —
У яго гумовы хобат…
Суне ўсюды доўгі нос.
А завецца… пыласос.

Пятрусь Макаль вельмі любіў тэатр. Сумесна з Артурам Вольскім пісьменнік напісаў драматычныя творы «За лясамі дрымучымі» і “Марынка-крапіўніца». Былі напісаны і ўласныя п’есы «Адчыніце, казляняткі!», «Дай вады, калодзеж!», а таксама лібрэта араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» (музыка Яўгена Глебава)…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара