Як выбіралі Янку Брыля дэпутатам



Свежы нумар электроннага выдання “Наша слова.pdf” амаль увесь прысвечаны юбілеям Адама Мальдзіса і Янкі Брыля.

На фота: Уладзімір Калеснік і Янка Брыль

Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль пакінуў глыбокі след не толькі ў нашай літаратуры, але і ў жыхароў Ліды. З Янкам Брылём сустракаліся лідскія паэты, мелі знаёмства. У Лідзе і на Лідчыне класік быў неаднаразова, яго запрашалі ў школы на сустрэчы. Пісьменнік меў непарыўнае сяброўства з Валянцінам Таўлаем.

Трэба зазначыць, што горад Ліда – гэта той прынёманскі край, які паважаў і шчыра адносіўся да беларускай літаратуры яшчэ ў той, савецкі час, бо нават пісьменнікаў вылучалі дэпутатамі ў Вярхоўны Савет БССР. Так, у сакавіку 1940 года па Лідскай-Слабадской акрузе № 306 лідзяне абралі дэпутатам Янку Купалу. У той час выбіралі дэпутатам лідскага гарадскога Савета і беларускую пісьменніцу Ніну Тарас, якая ўжо працавала ў лідскай газеце „Уперад”. Значныя выбары адбыліся і 3 сакавіка 1963 года, падчас якіх у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Радзівонішскай выбарчай акрузе № 329 абралі Янку Брыля. Пра гэтую падзею пісала на той час лідская газета „Сцяг працы”. У фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваецца падшыўка газет за той, 1963 год. Супрацоўнік гэтага музея Алесь Хітрун вырашыў прачытаць іх нанова, каб акунуцца ў напружаную і па асабліваму святочную атмасферу. Цікавы матэрыял Алеся Хітруна пра тое, як выбіралі Янку Брыля дэпутатам, і як выбралі яго, публікуе “Наша слова”. Янка Брыль быў абраны дэпутатам па Лідчыне на 4 гады – з 1963 па 1967 гады.

У кожнага, хто прыехаў 7 жніўня 2022 года ў вёску Бакшты Лідскага раёна на фестываль вясковай культуры „Бакштаўскі каларыт”, у душы стала светла, радасна і кветкава. Гэта быў сапраўдны, шматжанравы фестываль – конкурс мастацтваў, які цудам змясціўся на пляцоўцы каля аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы, можа, таму, што галоўнае не тэрыторыя, а думкі, пачуцці і эмоцыі, якія ён падарыў людзям. Фестываль склікаў знаўцаў і аматараў вясковай культуры, прадстаўленай песнямі, танцамі, жартамі, вясковай кухняй і выдатнымі вырабамі народнай творчасці. Шанаваць сваё і памятаць мінулае – вось заклад паспяховага развіцця любой дзяржавы. Лідскі раённы конкурс побытавых танцаў „Танцуем па-даўнейшаму” дапамог успомніць немудрагелістыя рухі і, як лічылі нашы продкі, іх уплыў на здароўе чалавека, прынёс шмат прыемных хвілін і знаёмстваў. Пра гэта таксама паведамляе свежы нуміар “Наша слова”. Выданне публікуе і шмат іншых цікавых і чытэльных матэрыялаў. Поўнасцю свежы нумар электроннага выдання “Наша слова.pdf” чытайце ТУТ.

Беларускае Радыё Рацыя