Ён маліўся жыццю



Маліся жыццю – я грахі адпускаю,

Рукі не падыме сам Бог у кляцьбе.

Няма на тым свеце ні пекла, ні раю,

І пекла, і рай – у табе.

Гэтыя радкі напісаў беларускі паэт з Берасцейшчыны Васіль Сахарчук (1953- 2003), якому 10 ліпеня споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Васіль Сахарчук ў вёсцы Свадзьбічы Бярозаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта настаўнічаў у Касцюкоўскай васьмігадовай і Обчынскай сярэдняй школах Любанскага раёна, затым у Высокаўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна.

З 1979 года жыў у горадзе Жабінка, працаваў у рэдакцыі раённай газеты “Сельская праўда” загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі і адначасова кіраваў літаратурным аб’яднаннем “Плынь”.

Вершы Васіль Сахарчук пачаў пісаць яшчэ ў школе – падахвоціў яго да гэтага настаўнік беларускай літаратуры. Друкаваўся ў Бярозаўскай раённай газеце. Ва ўніверсітэце працягваў пісаць вершы, друкаваўся ў калектыўным зборніку паэзіі “Універсітэт паэтычны” (1971), дасылаў свае вершы ў часопісы “Маладосць”, “Беларусь”, газету “Чырвоная змена”, штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”.

Першая нізка вершаў Васіля Сахарчука з узнёслай назвай “Зорны мост” з’явілася ў калектыўным зборніку маладой паэзіі “Крыло” у 1984 годзе.

Аўтар кніг паэзіі «Зорны мост» (1984), «Даніна» (1988), “Ранішні госць” (1994), паэмы “Развітанне” і іншых. Працаваў таксама ў галіне перакладу. У яго перакладзе з балгарскай мовы выйшлі зборнікі паэзіі  Пяё Яварава «Апалавы пярсцёнак» (1988) і Дзімчы Дэбелянава “Пад сурдзінку” (1993).

Рабіў таксама пераклады з англійскай, расейскай, украінскай моваў, пісаў артыкулы і эсэ. 

Беларускае Радыё Рацыя