Ён напісаў каля 600 кніг. Да 210-годдзя Юзафа Крашэўскага



28 ліпеня спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння беларускага і польскага пісьменніка, фалькларыста, публіцыста, гісторыка і выдаўца Юзафа Крашэўскага (1812-1889). Юзаф Крашэўскі — аўтар найбольшай колькасці выдадзеных кніг у гісторыі сусветнай літаратуры: яго літаратурная спадчына складае каля 600 тамоў раманаў і аповесцяў, паэтычных і драматычных твораў, а таксама прац па гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, падарожных замалёвак, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў. За гэтае дасягненне пісьменнік занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як «чэмпіён эпохі гусінага пяра».

Юзаф Крашэўскі нарадзіўся ў Варшаве ў 1812 годзе, а паходзіў са шляхецкага роду з вёскі Доўгае, што каля Пружан, дзе правёў сваё дзяцінства. Атрымаўшы ў Свіслачы першапачатковую адукацыю, вучыўся ў Віленскім універсітэце. Гэты край быў яму родным, і ён лічыў сваім абавязкам пісаць пра яго, захапіўся гісторыяй, мастацтвам, а пазней этнаграфіяй і археалогіяй. Шмат падарожнічаў па беларускай і суседніх землях, што дазволіла яму не толькі весці назіранні, але і збіраць краязнаўчы матэрыял. Юзаф Крашэўскі заўсёды выступаў супраць самадзяржаўя, дэспатызму і грамадскага застою, за што не раз прыцягваўся да адказнасці.

Ён быў рэдактарам часопіса «Атэнэум», дзе друкавалася шмат беларускай і польскай інтэлігенцыі. Як «небяспечнага для публічнага парадку» Юзафа Крашэўскага царскія ўлады ў 1863 годзе пазбавілі права жыць у краі, і ён перасяліўся ў Дрэздэн, дзе працягваў літаратурную, навуковую і выдавецкую справу. 

«Пінск і яго ваколіцы» —найболыш ранні літаратурна-краязнаўчы нарыс Крашэўскага, які быў напісаны пад уражаннем «Старажытнай Польшчы» Балінскага. У папулярнай форме, на канкрэтным гісторыка-краязнаўчым матэрыяле, аўтар расказаў пра горад, спасылаючыся на «Повесть временных лет», прывёў дату яго першага ўпамінання — 1097 год. Аўтар краязнаўчага нарыса цікавіўся і мясцовай тапанімікай, гідронімамі. Амаль у такой жа манеры напісана і яго кніга падарожжаў «Успаміны Палесся, Валыні і Літвы», куды ўключаны і нарыс «Пінск і яго ваколіцы».

Наступнай працай з’яўлялася гісторыя Вільні. Аўтар пісаў не толькі пра горад, але і пра падзеі, якія звязвалі яго з наваколлем, са старой беларускай дзяржавай. 

Юзаф Крашэўскі пакінуў невялікую гісторыка-краязнаўчую нататку і пра Берасце. Ён не толькі выкарыстоўваў, але і аналізаваў гістарычныя крыніцы. Так, ім былі заўважаны недакладнасці ў «Хроніцы» М. Стрыйкоўскага, паколькі, як выказаўся Юзаф Крашэўскі, многае там узята ад анекдотаў і легенд.

Як археолага, Юзафа Крашэўскага цікавіла праблема паходжання славян, якія, на яго думку, пад уздзеяннем кельтаў і пад іх націскам прыйшлі з захаду. 

Гістарычныя аповесці Юзафа Крашэўскага грунтуюцца на дакументальных асновах, у іх выкарыстаныя факты з жыцця. Ён добра ведаў гісторыю Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, быў знаёмы з летапісамі, хронікамі, паданнямі, у час сваіх падарожжаў наведваў мясціны, дзе разгортваліся падзеі ягоных твораў. Як сведчаць сучаснікі, гэтыя творы мелі вялікае выхаваўчае і патрыятычнае значэнне…

На беларускую мову творы Юзафа Крашэўскага перакладалі Янка Купала, Уладзімір Мархель, Васіль Сёмуха, Міхась Кенька, Мікола Папека і іншыя літаратары.

Беларускае Радыё Рацыя