Алесь Клышка адзначае юбілей



Кандыдат тэхнічных навук, былы гулец менскай футбольнай каманды “Тарпеда”, паэт, публіцыст Алесь Клышка 8 сакавіка адзначае 75-гадовы юбілей.

Алесь Клышка – карэнны менчук, ён нарадзіўся і ўсё жыццё жыве ў Менску. Скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут. Абараніў кандыдацкую дысертацыю. Мае 13 патэнтаў на вынаходніцтва ў галіне экалагічна чыстых тэхналогій і аховы навакольнага асяроддзя, аўтар 115 навуковых публікацый.

Алесь Клышка вядомы ў мінулым футбаліст, ён гуляў за менскую каманду “Тарпеда”, быў нават капітанам каманды. У “Тарпеда” Алесю Клышку пашчасціла пагуляць з “зоркамі” беларускага футбола: Мікалаем Журавенкам, Дзмітрыем Карнеевым, Анатолем Глебам, Мікалаем Іваніцкім…

Роднаму Менску Алесь Клышка прысвяціў некалькі сваіх кніг. Адна з іх так і называецца “Менская зямля” – гімн Менску, менскай зямлі і менчукам. Гэта паэма-роздум аб сваёй сям’і, аб людзях, якія жылі побач, гэта паэма-памяць, паэма-сумленне і паэма-настальгія.

У суаўтарстве з паэтам Зьнічом (Алегам Бембелем) з Жыровіч ён выдаў чатыры кнігі роздумаў-дыялогаў: пра час, Айчыну, шляхі зямныя і вечныя (“Жыровіцкія камяні” (2006), “Шлях да Жыровічаў” (2007), “Жыровіцкая пастараль” (2009) і “Званіца” (2016)). 

Алесь Клышка таксама з’яўляецца аўтарам шэрагу паэтычных зборнікаў, сярод якіх – “Ад каранёў да кроны”, “Далёкае – блізкае”, “Сустрэча”, “Стрэчанне” і іншыя. Ён падрыхтаваў і выпусціў фільм па гісторыі Менска, некалькі аўдыёкніжак і музычных стужак. Пісьменнік і навуковец піша і для дзяцей. Гэтыя творы вучаць юных чытачоў і іх бацькоў любіць сваю зямлю, мову, з вялікай павагай адносіцца да веры, да нацыянальных святаў і традыцый…

Беларускае Радыё Рацыя