Юбілей адзначае Тамара Вяршыцкая



10 кастрычніка перакладчыца, музеязнаўца і краязнаўца з Наваградка Тамара Вяршыцкая адзначае юбілей. У Наваградскім краязнаўчым музеі Тамара Рыгораўна адпрацавала больш за 30 гадоў. Яе імя занесена ў Кнігу славы Наваградка.

Але летась ёй і яе калегі Галіне Кавальчук адмовілі працягваць працоўны кантракт. Відаць за тое, што па нядзелях ладзілі для гараджан легальныя экскурсіі. Жанчыны распавядалі пра гісторыю Наваградка: Адама Міцкевіча, беларускую гімназію, габрэйскі супраціў. Сярод удзельнікаў такіх экскурсій былі людзі, асуджаныя за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Часта экскурсіі ішлі ў суправаджэнні міліцыянтаў…

Але Тамара Вяршыцкая музейную справу не пакінула. Яна пачала вывучаць падзеі, якія адбываліся на Наваградчыне ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Разам з рэспубліканскімі і міжнароднымі арганізацыямі яна сёння глыбока даследуе  тэму габрэйскага супраціўлення ў Наваградку ў перыяд Халакосту. З’яўляецца заснавальніцай «Музея габрэйскага супраціву» ў Наваградку, экспазіцыя якога расказвае пра гісторыю самых паспяховых у Еўропе ўцёкаў габрэяў з нямецкага гета.

Тамара Вяршыцкая нарадзілася ў вёсцы Ягадзень Іўеўскага раёна. Скончыла Менскі інстытут замежных моў. Перакладае з ангельскай і польскіх моў на беларускую. Грунтоўнай яе перакладчыцкай працай з’яўляецца кніга Яна Булгака “Край дзіцячых гадоў” (Мн, 2004). Яна не толькі пераклала ўспаміны Яна Булгака, але і ўклала кнігу, напісала ўступны артыкул да яе.

Шчыра віншуем Тамару Рыгораўну з юбілеем. Жадаем ёй здароўя, дабра і поспехаў на ніве беларускага музеязнаўства!

Беларускае Радыё Рацыя