Юрку Голубу споўнілася б 75



20 кастрычніка беларускаму паэту, публіцысту, перакладчыку, журналісту, лаўрэату Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова Юрку Голубу (1947-2020) споўнілася б 75 гадоў з дня нараджэння.

Юрка Голуб нарадзіўся ў вясковай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Зэльвенскай сярэдняй школы паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Падчас вучобы прымаў удзел ва ўніверсітэцкім літаратурным аб’яднанні “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка. 

У 1970 годзе ён прыехаў у Гародню. Пачаў працаваць рэдактарам у рэдакцыі літаратурна-музычных перадач на Гарадзенскай абласной студыі тэлебачання.  

У 1978 годзе перайшоў працаваць у газету “Гродзенская праўда”, дзе загадваў аддзелам культуры. Потым зноў вярнуўся на Гарадзенскую студыю тэлебачання, вёў штомесячную перадачу “Гарадзеншчына літаратурная”, у якой знаёміў з творчасцю пісьменнікаў-землякоў.

З 1996 года ён працуе літкансультантам у “Гродзенскай праўдзе”, рыхтуе штомесячныя літаратурныя старонкі. Дзякуючы яму і былому рэдактару газеты Іосіфу Багіна, з друку выйшлі чатыры штогадовых альманаха гарадзенскіх пісьменнікаў “Галасы”(2002-2005).

Шлях у літаратуру ў Юркі Голуба пачаўся ў 1963 годзе, калі ў Ваўкавыскай раённай газеце быў надрукаваны першы верш паэта. А потым з друку выходзяць яго паэтычныя зборнікі “Гром на зялёнае голле” (1969), “Дрэва навальніцы” (1973), “Векапомнае поле” (1976), “Помню пра цябе” (1983), “Сын небасхілу” (1989), “Поруч з дажджом” (2001), “Зажураны камень” (2002), “Брама зімы” (2004), “ Багра” (2006) і іншыя. Па першых публікацыях і зборніках паэт адразу ж заявіў пра сябе ў літаратуры свежа і ярка. Літаратурная крытыка адзінадушна засведчыла тэхнічнае майстэрства паэта. Яго вынаходлівыя метафары адлюстроўвалі шчодрасць перажывання, энергію, рамантычны лад душы, здольнасць адчуваць паўнакроўнасць жыцця, яго магутны пульс. Гэтыя якасці паэт не растраціў і ў сваёй пазнейшай творчасці, аж да канца жыцця. 

Пісьменнік Міхась Скобла аднойчы напісаў, што Юрка Голуб – адзін з лепшых паэтаў сучаснасці: “Вершы Юркі Голуба нешматслоўныя, як і сам аўтар. Але іхні настрой, іхняя інтанацыя могуць неяк самі па сабе ўспомніцца і праз дзесяць, і праз дваццаць гадоў…”. 

Вершы паэта шмат разоў перакладаліся на літоўскую, рускую, украінскую, польскую мовы. На польскай мове ў перакладзе Яна Леанчука ў 2006 годзе выйшла кніга “З-над Нёманскіх старон”.

Займаўся Юрка Голуб перакладамі і сам. Яшчэ ў студэнцкія гады перакладаў вершы французскіх паэтаў. Шмат паэтычных твораў пераклаў з польскай, грузінскай, рускай, украінскай, літоўскай моваў. У 2018 годзе ў Менску свет пабачыў зборнік вершаў Нікалоза Бараташвілі “Паэзія” у перакладзе Юркі Голуба.

Не крыўдзіў паэт і юных чытачоў. У 1986 годзе выходзіць яго кніжка вершаў “У бары грыбы бяры”, а ў 2019 годзе – цудоўны зборнік “Птушыны радавод”.  

Пісаў паэт і артыкулы пра пісьменнікаў-землякоў, рэцэнзіі на кнігі літаратараў, эсэ, нарысы, празаічныя замалёўкі.

Прачытаўшы першую падборку вершаў Юркі Голуба ў часопісе “Полымя”, у 1963 годзе Ларыса Геніюш напісала яму ліст, які запомніўся паэту на ўсё жыццё: “Дарагі Галубок, харошы! Сёння прыйшло “Полымя” і я ледзь бачу пісаць…ты гэта што прыдумаў, зубраня дарагое? Заплюшчваю вочы і здаецца мне, што гэта гаворыць зямля мая і адыходзіць з сэрца ўпарты боль і ноша цярпенняў старых становіцца – неіснуючай. Дзякуй табе, зубранё, крылатае і надзейнае!..”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. Фота з архіва аўтара