З любоўю да роднай літаратуры
9 траўня доктару філалагічных навук, прафесару, акадэміку, літаратуразнаўцу і паэту Васілю Івашыну (1913-2009) спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння.

Васіль Івашын нарадзіўся 9 траўня 1913 года ў вёсцы Ляхавічы Дзяржынскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1933 годзе скончыў Менскі транспартна-эканамічны тэхнікум, год працаваў тэхнікам эканамістам Белкааппрамсавета.
Захапленне мастацкай літаратурай выявілася ў яго яшчэ ў дзяцінстве, і гэта паўплывала на выбар жыццёвага шляху. 3 1934 да 1938 гады Васіль Івашын вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце, пасля заканчэння якога працаваў выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў Віцебскім педагагічным вучылішчы.
Пісаць вершы Васіль Івашын пачаў яшчэ ў школьныя гады і ўпершыню пазнаёміў з імі празаіка Лукаша Калюгу – свайго земляка і далёкага родзіча, з якім разам вучыўся ў Станькаўскай сямігодцы. Аднак непаэтычныя і суровыя гады сталінскага тэрору і страху, калі былі рэпрэсаваны сотні беларускіх пісьменнікаў, не спрыялі творчаму ўзлёту маладых талентаў. Балюча было паранена сэрца шчырага і адкрытага беларуса арыштам у 1937 годзе яго бацькі, які так і не вярнуўся на родны парог. I ўсё ж хлопец імкнуўся заставацца самім сабой – чалавекам вельмі натхнёным і эмацыйным.
Калі пачалася Другая сусветная вайна, малады педагог быў прызваны ў войска, прайшоў з баямі шматлікія франтавыя дарогі і вярнуўся на Радзіму пасля Перамогі ў 1945 годзе. Пачаў працаваць выкладчыкам у Рэспубліканскай партыйнай школе, адначасова тры гады вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі. Пасля яе заканчэння Васіль Івашын працаваў у гэтым інстытуце спачатку старшым навуковым супрацоўнікам, а потым загадчыкам сектара.
Падчас працы ў Акадэміі Навук Беларусі Васіль Івашын напісаў буйныя манаграфіі, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё беларускага літаратуразнаўства. Яго навуковыя даследаванні „Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.”, „Рэвалюцыя 1905 – 1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры”, „Максім Горкі і беларускай літаратура пачатку XX ст.”, „Асноўныя асаблівасці развіцця сучаснай беларускай літаратуры” (у сааўтарстве ), „Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму”, „Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры XX ст.” (у сааўтарстве) і іншыя.
У працах вучонага, прысвечаных даследаванню шляхоў развіцця беларускай літаратуры канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, ставіліся і вырашаліся кардынальныя праблемы літаратуразнаўства, гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, яе паскоранага развіцця і мастацка-эстэтычнага ўзбагачэння. Пераканальна раскрываюцца вытокі рамантычнага і рэалістычнага кірункаў у развіцці беларускай літаратуры на прыкладах творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Багдановіча, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі і інш. Творы гэтых пісьменнікаў даследчык разглядаў у кантэксце гістарычнага і літаратурнага працэсу, у непасрэднай сувязі і пераемнасці з нацыянальнай культурай і традыцыямі славянскіх літаратур. Артыкулы Васіля Івашына „Творчасць Тараса Шаўчэнкі і шляхі развіцця беларускай паэзіі” і „Творчасць Тараса Шаўчэнкі ў ацэнцы Максіма Багдановіча” перакладзены на ўкраінскую, а навуковыя працы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы – на латышскую, балгарскую, азербайджанскую і туркменскую мовы.
У 1967 – 1978 гадах доктар філалагічных навук Васіль Івашын працаваў дырэктарам Навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, а з 1978 г. займаў пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага інстытута адукацыі (назва згаданай установы з 1993 года).
Апошнія па часе перыяды творчай дзейнасці Васіля Уладзіміравіча супалі з працэсамі ўдасканалення, а потым і рэфармавання агульнай сярэдняй адукацыі. Ён не толькі напісаў новыя манаграфіі па літаратуразнаўству, але і шмат увагі аддаў мадэрнізацыі літаратурнай адукацыі ў школе з улікам рознаўзроўневага навучання. Сумесна з акадэмікам Міхасём Лазаруком ён узначаліў працу творчага калектыву Нацыянальнага інстытута адукацыі па вызначэнні метадалагічных прынцыпаў вывучэння беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай, па распрацоўцы канцэпцыі літаратурнай адукацыі, па падрыхтоўцы новых праграм па беларускай літаратуры і стандартаў літаратурнай адукацыі.
Адпаведна і навуковыя даследаванні 1980-1990-х гадоў усё больш збліжаліся з практыкай школьнай работы. Так, калі ў манаграфіі „Да вышынь рэалізму” (1983) разглядаюцца асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай да 1917 года, а „Выверанае жыццём” (1988) прысвячаецца праблеме творчай індывідуальнасці пісьменніка, дык праца „3 пазіцый гуманізму” (1998) цалкам скіраваная на вырашэнне тэарэтычна-метадалагічных і метадычных праблем школьнага курса беларускай літаратуры.
Жыццёвы шлях Васіля Івашына быў багаты не толькі вялікім працоўным стажам, але і значнасцю, каштоўнасцю, грунтоўнасцю вынікаў творчай працы, усяго таго, што зроблена ім для развіцця беларускага літаратуразнаўства, тэорыі і методыкі выкладання літаратуры. Ён напісаў больш за 300 навуковых прац, выдаў 8 манаграфій, падрыхтаваў 8 кандыдатаў навук, рэдагаваў зборнікі па методыцы выкладання літаратуры, брашуры і даклады міжнародных кангрэсаў славістаў.
Васіль Івашын зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларускага літаратуразнаўства, у педагагічную навуку і непасрэдна ў практыку работы педагагічных навучальных устаноў і сярэдніх агульнаадукацыйных школ. У літаратуразнаўстве і педагогіцы Васіль Івашын дасягнуў годнае вышыні, стаўшы доктарам філалогіі і прафесарам, акадэмікам АН СССР, акадэмікам НАН Беларусі. Аднак нарыс пра жыццёвы і творчы шлях Васіля Уладзіміравіча быў бы няпоўным, калі б засталася незаўважанай яго праца непасрэдна на ніве паэзіі. Дзве яго вершаваныя кнігі „Слова” (1995) і „Покліч памяці” (1998) засведчылі, што ён, як паэт, таксама меў выразнае індывідуальнае аблічча і сваю творчую манеру.

Беларускае Радыё Рацыя