З верай у Беларусь
У Маладэчанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася навукова-краязнаўчая канферэнцыя “З верай у Беларусь”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння беларускага святара, пісьменніка і грамадскага дзеяча Адама Станкевіча (1892-1949).

Каферэнцыю адкрыў пісьменнік і краязнавец Міхась Казлоўскі, які распачаў яе словамі Максіма Танка: “Ксёндз Адам Станкевіч быў адным з самых разумных і культурных людзей свайго часу на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі”. Міхась Казлоўскі спыніўся таксама на біяграфіі Адама Станкевіча, паказаў шэраг рэдкіх фотаздымкаў яго і дакументаў.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алесь Горны цікава распавёў пра этыку нацынальнага адраджэння: жыццё і погляды Дамініка Аніські – сябра Адама Станкевіча. А кандыдат культуралогіі і пісьменнік Янка Трацяк з Гародні пазнаёміў прысутных са Станкевічамі з Вурлянятаў, дзе разгледзяў пытанне родавых і сваяцкіх сувязяў Станкевічаў.

Вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы з Менску Павел Каралёў пазнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з тымі выданнямі Адама Станкевіча, якія зберагаюцца ў музеі Янкі Купалы. Гэта такія працы, як “Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла. З яго жыцьця працы” (Вільня, 1935), “Францісь Багушэвіч. Яго жыцьцё і творчасьць. У трыццатыя ўгодкі сьмерці (1900-1930)” (Вільня, 1930), “Беларускі хрысьціянскі рух” (Вільня, 1939), “Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня” (Вільня, 1935) і з іншымі выданнямі Адама Станкевіча.
Пісьменнік і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын распавёў удзельнікам канферэнцыі пра слонімскую ссылку Адама Станкевіча ў 1938-1939 гадах.

Супрацоўніца Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва з Менску Марыя Пышынская расказала пра імя Адама Станкевіча ў архіўным фондзе Беларускага музея імя Івана Луцкевіча.
Удзельнікі канферэнцыі таксама шмат цікавага даведаліся пра біскупа Стафана Дзенісевіча, пра збіранне беларускага фальклору на старонках газеты “Крыніца”, пра родныя мясціны Адама Станкевіча і пра беларускую мову ў рэлігійным жыцці беларусаў-каталікоў у 1917 годзе (паводле матэрыялаў ксяндза Адама Станкевіча) і г.д.
Падобныя навукова-краязнаўчыя канферэнцыі ў Маладзечна праводзяцца не першы год. Таму, дзякуючы супрацоўнікам раённай бібліятэкі і Міхасю Казлоўскаму, гэта добрая справа па ўшанаванню вялікіх асобаў Беларусі працягваецца. Да канферэнцыі былі выдадзены прыгожыя запрашальны білет, праграмка і кніжка з матэрыяламі канферэнцыі.









Аксана Шпак, Беларуская Радыё Рацыя, Маладэчна
Фота аўтара