Запушчаны працэс ліквідацыі незалежнага выдавецтва «Галіяфы»
У Беларусі ідзе працэс ліквідацыі вядомага незалежнага выдавецтва «Галіяфы». Гэтае выдавецтва спецыялізавалася на выданні беларускай мастацкай літаратуры і выдавала такіх аўтараў, як Юры Станкевіч, Валеры Гапееў, Віктар Жыбуль і многіх іншых.

Кажа былы дырэктар выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў:
– Мы патрапілі ў такую пастку, што не маглі ўжо прадаваць кнігі. Нам забараніла Міністэрства інфармацыі. І адзіным выйсцем у гэтай сітуацыі была ліквідацыя. Два месяцы я шукаў юрыдычную кантору, якая возьмецца дапамагаць нам. Скажу шчыра, адмаўлялі. І нарэшце адна фірма ўзялася за гэта. Па дзеючым заканадаўстве я не маю ўжо доступу да нашых кніг. Дзякуючы ліквідацыі, гэтыя кнігі зараз прадаюцца. Дзякуй Богу, што яны не пайшлі пад нож, не на макулатуру, а нейкім чынам распаўсюджваюцца.
Праўда, Зміцер Вішнёў не ведае, як і якім чынам цяпер прадаюць іх кнігі. На складзе выдавецтва іх было сотні найменаванняў – дзясяткі тысячаў асобнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя