Жыццё цаніў вышэй за ўсё



10 сакавіка беларускаму літаратуразнаўцу, крытыку, даследчыку беларускай прозы Серафіму Андраюку (1933-2022) споўнілася б 90.

Нарадзіўся ён у вёсцы Градалі Бельскага павета ў Польшчы. Пасля вайны лёс іх спачатку закінуў на Украіну, а потым сям’я Андраюкоў вярнулася ў Беларусь.

Серафім Андраюк вучыўся ў Мірскай сярэдняй школе. Потым паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. Пасля ўніверсітэта юнак скончыў яшчэ аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Быў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. У 1981–1993 гадах працаваў галоўным рэдактарам, а потым дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Стаў кандыдатам філалагічных навук. Кандыдацкая дысертацыя была прысвечана сучаснаму беларускаму раману.

Дэбютаваў у друку Серафім Андраюк як крытык і літаратуразнавец з 1964 года. Друкаваў рэцэнзіі і артыкулы па пытаннях гісторыі беларускай літаратуры і сучаснага літаратурнага працэсу. Выдаў манаграфіі “Жыццё. Літаратура. Героі” (1973), “Традыцыі і сучаснасць” (1981), зборнікі крытычных артыкулаў “Вывяраючы жыццём” (1976), “Жыць чалавекам” (1983), нарыс творчасці Івана Пташнікава “Чалавек на зямлі” (1988), кнігу “Стыль пісьменніка” (1974), кнігу выбраных твораў “А жыццё – вышэй за ўсё” і іншыя. За кнігу “Жыць чалавекам” атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа (1984).

Да самай смерці Серафім Антонавіч выступаў на старонках беларускага друку з рэцэнзіямі на кнігі беларускіх пісьменнікаў. Гэта ён першы пісаў рэцэнзіі на новыя кнігі і раманы Івана Шамякіна, Аляксея Кулакоўскага, Івана Мележа, Барыса Сачанкі, Уладзіміра Караткевіча, Івана Чыгрынава, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка і многіх іншых пісьменнікаў. Серафім Андраюк шмат пісаў для расійскіх літаратурных выданняў, дзе рэкламаваў новыя кнігі беларускіх аўтараў.

У 2022 годзе таленавітага літаратурнага крытыка не стала. Такога маштабу даследчыка сучаснай беларускай прозы ў нашай літаратуры сёння няма, не з’явілася, на жаль, пакуль. Як пісаў Аляксей Рагуля ў прадмове да кнігі “А жыццё – вышэй за ўсё” (1992), “Серафім Андраюк у якасці галоўнага пункту адліку браў традыцыі тых сейбітаў, якім пашанцавала хоць часткова ўцалець у час землятрусу, – Коласа і Чорнага…Пафас пераадолення адчужанасці, уласцівы беларускай літаратуры, Серафім Андраюк расцэньваў як агульначалавечы духоўны здабытак…”.

Беларуска Радаё Рацыя