Жыў і памёр ліцвінам



31 ліпеня спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння філамата, удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, беларускага, польскага і чылійскага навукоўца-даследчыка, геолага, мінеролага, рэктара чылійскага ўніверсітэта, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі (1802-1889).

Ігнат Дамейка. Партрэт з часопіса «Kłosy», 1878

Родам Ігнат Дамейка быў з вёскі Мядзьвядка Карэліцкага раёна.

У сем гадоў Ігнат Дамейка страціў бацьку, выхоўваўся ў бацькавых братоў. Адзін з іх, таксама Ігнат Дамейка, узяў яго да сябе ў маёнтак Жырбутоўшчына ў Лідскім павеце (цяпер Дзятлаўскі раён). Вучыўся Ігнат у піярскай школе ў Шчучыне. Быў там пад апекай Ануфрыя Петрашкевіча, з якім разам уваходзіў потым у Таварыства філаматаў. У 1822 годзе скончыў Віленскі ўніверсітэт. Калі пачалося следства па справе філарэтаў і філаматаў, Ігната таксама арыштавалі і прывезлі ў Вільню, у турэмнае зняволенне. Але праз паўгода яго вызваляюць і адпускаюць пад нагляд паліцыі.

У час Лістападаўскага паўстання Дамейка становіцца ў шэрагі змагароў за вызваленне айчыны ад маскоўскага “прылучэння”. Пасля разгрому паўстання, ён выехаў у эміграцыю. У Дрэздэне сустрэўся з Адамам Міцкевічам і разам з ім і з іншымі землякамі выехаў у Парыж. Дапамагаў Адаму Міцкевічу ў выданні яго твораў, у тым ліку “Пана Тадэвуша”. У Парыжы Ігнат Дамейка добра папоўніў свае веды ў прыродазнаўстве, закончыў там горную школу. Яму даюць у Францыі працу па спецыяльнасці, якая не задавальняла Дамейку. Адам Міцкевіч знайшоў яму месца працы ў далёкай амерыканскай краіне — Чылі. Прагны да вандраванняў, Ігнат Дамейка згадзіўся адправіцца за акіян. Ехаў туды на вызначаны час, а застаўся на ўсё жыццё. Стаў прафесарам мінералогіі ў Какімба і Сант’яга. Арганізаваў шырокае вывучэнне прыродных багаццяў Чылі, заняўся даследаваннем яе нетраў. Шмат зрабіў наш зямляк для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне мінералогіі, наогул прыродазнаўства. Ён неаднаразова выбіраўся рэктарам Чылійскага ўніверсітэта ў Сант’яга, быў аб’яўлены нацыянальным героем Чылі.

Вялікі вучоны-прыродазнавец не менш цікавы і як літаратар. Пісьменніцкае майстэрства Ігната Дамейкі асабліва ярка праявілася ў яго дарожных нарысах, якія друкаваліся пры жыцці аўтара ў самых розных выданнях Польшчы і іншых краін, а ў 1962-1963 гадах  былі выдадзены ў Варшаве ў трох аб’ёмістых тамах пад агульнай назвай «Мае падарожжы». У нарысах і артыкулах Ігнат Дамейка праявіў сябе як сапраўдны дэмакрат. Ён заўсёды быў на баку абяздоленых. З пашанай і глыбокай павагай расказваў ён пра культуру і побыт насельнікаў далёкіх краін, паглыбляўся ў іх гісторыю. Апісваючы краявіды чужых, экзатычных зямель, аўтар вельмі часта параўноўваў іх з роднымі мясцінамі, пра якія ўвесь час думаў і па якіх сумаваў.

У 1884 годзе беларускі выгнаннік змог наведаць сваю радзіму, якую не бачыў паўстагоддзя. Ды зноў вярнуўся назад, у Чылі, дзе ён ужо глыбока пусціў карані. Там і памёр.

Калі сябры ў пісьмах папракалі  Ігната Дамейку, што ён нібыта зрабіўся чужаком, ён адказваў ім такімі словамі: “Вядома ж, перарадзіцца я ніколі не здолею і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах усё роўна памру ліцвінам”. А ў пісьме да Адама Міцкевіча ў 1854 года прызнаўся: “Калі б была магчымасць вярнуцца і паслужыць яшчэ, хоць на старасці год, свайму краю, то не ўседзеў бы, не ўседзеў бы тут, хоць я даўно ўжо стаў грамадзянінам гэтай краіны, уладальнікам маёнтка і бацькам…”.

Памятны знак у Крашыне каля Баранавіч
Срэбная манета, прысвечаная 200 -м угодкам Ігната Дамейкі
У Жыбартоўшчыне
Магіла Ігната Дамейкі ў Санцьяга-дэ-Чылі

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя