Змагар і мастак, які выдаваў у Парыжы часопіс “Моладзь”
3 кастрычніка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Міхася Наўмовіча (1922-2004) – беларускага грамадскага дзеяча на эміграцыі, мастака і фізіятэрапеўта.

Міхась Наўмовіч быў родам з Наваградчыны. Спачатку вучыўся ў польскай вясковай школе, пасля яго бацькі аддалі на вучобу ў Наваградак. У 1944 годзе скончыў Наваградскую беларускую гімназію і быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону. Восенню 1944 года юнак перайшоў да французскіх партызан, а потым служыў у арміі Андэрса.
Пасля вайны жыў у Італіі, а потым пераехаў у Парыж. Там аднойчы сустрэўся са знаёмым палякам-скульптарам Венгельскім, які запісаў яго ў мастацкую акадэмію. А ў 1953 Міхась Наўмовіч скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы мастацтва.

Міхась Наўмовіч шмат працаваў. Дапамагаў яму Леў Гарошка. У 1948 годзе разам са сваім сябрам Янка Філістовічам на эміграцыі стварыў Беларускую незалежніцкую арганізацыю моладзі і пачаў выдаваць часопіс “Моладзь”. Часопіс “Моладзь” выходзіў у Парыжы ў 1948-1954 гадах. Выйшла 32 нумары. Разам з Львом Гарошкам выпускаў яшчэ часопіс “ Божым шляхам”.

Калі Янка Філістовіч вярнуўся ў Беларусь, а гэта было ў 1954 годзе, Міхась Наўмовіч адзін узначальваў беларускую арганізацыю моладзі. Жыў у горадзе Вілепінт недалёка ад Парыжу.

Аўтар больш як 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле Міколы Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай». Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950-1960-х гадах аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманаху «Ля чужых берагоў» і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя