Зоя Белахвосцік: У „Дзядах” мы знайшлі шмат сугучнага з нашым днём



Тры дні запар – 3, 4 і 5 сакавіка – у Польшчы „Купалаўцы” будуць паказваць спектакль “Дзяды” паводле паэмы Адама Міцкевіча.

Прэм’ера пастаноўкі адбылася ў Любліне летась, праз тыдзень пасля пачатку вайны ва Украіне.
Пра тыя падзеі, актуальнасць твору, прыналежнасць Адама Міцкевіча і цяперашняе жыццё купалаўцаў мы паразмаўлялі з Госцяй Рацыі, актрысай Зояй Белахвосцік.

Зоя Белахвосцік: Год таму ў нас была прэм’ера «Дзядоў» у Любліне ў Цэнтры культуры ў пастаноўцы Паўла Пасіні. Так склалася, што ў нас не атрымлівалася яе паказваць ні на якой сцэне, гэта складана, усе хацелі яе аднавіць. І Цэнтр культуры вельмі зацікаўлены каб мы ігралі менавіта ў іх. У нас будзе тры спектаклі. Гэта 3,4 і 5 сакавіка. Прайшоў цэлы год, нам вельмі складана гэта ўсё аднаўляць. Але ўсё такі ў нас ёсць відэа, у нас ёсць нашыя ролі, мы гэта ўсё ж такі рабілі. Ну і мы хацелі б іграць спектакль і ў іншых гарадах. І ў Варшаве хацелі б іграць, і ў Вроцлаве. Куды паклічуць, мы гатовыя на ўсё. Хацелі б павазіць «Дзяды» і паказаць гастрольным турам. Таму што ён варты таго, каб яго ўбачылі беларусы. Беларусы і палякі, калі захочуць. Калі кажуць: чый Міцкевіч, наш ці польскі? Я думаю, што мы можам яго не раздзяляць на часткі, але сказаць, што безумоўна ён і наш таксама. Таму што такое сугучча, якое мы знайшлі ў «Дзядах», такія паралелі і такія сучасныя тэмы, якія проста звіняць сёння, тое, што тычыцца нас беларусаў і не толькі беларусаў. Многа чалавечых вельмі важных тэм ёсць у Міцкевіча.

РР: Пра тое, што было год таму ў Любліне, пра вашыя адчуванні, згадайце, калі ласка.

Зоя Белахвосцік: Мы працавалі. Было складана. Але ўсё складалася да таго моманту, пакуль не пачалася вайна. Вось з моманту вайны нейкі такі здарыўся надлом у душы і сэрцы. Бо як раз нам заставаўся тыдзень да прэм’еры. Некаторыя нашыя калегі не змаглі застацца ў Любліне, трэба было з’ехаць дадому, да дзяцей і жонак. Таму што ніхто не разумеў, як гэта магло здарыцца і што будзе далей. Мы не маглі не зрабіць гэтай прэм’еры. І мы яе зрабілі. І як яна гучала год таму, то гэта быў адбітак вось гэтай вайны. І гэты трагізм ён адбіўся на нашай прэм’еры абсалютна. Я не ведаю, ці дапамагло гэта нам, але думаю, што эмацыйна гэта было, напэўна, правільна. Бо мы не маглі схаваць усе гэтыя пачуцці.

Цалкам размова:

Пастаноўка “Дзяды” адбудзецца ў Любліне на сцэне Цэнтра культуры (Sala Widowiskowa, ul. Peowiaków 12). Пачатак у 19:00.

З Зояй Белахвосцік размаўляла наша карэспандэнтка Марына Савіцкая.