Звольнены дырэктар музея гісторыі беларускага кіно



З пасады дырэктара (загадчыка) Музея гісторыі беларускага кіно звольнены кінакрытык Ігар Аўдзееў, паведаміў novychas.online.

Ігар Аўдзееў — вядомая асоба ў свеце беларускага кіно. Ён — сын кінааператара Алега Аўдзеева і кінакрытыка Ефрасінні Бондаравай. Нарадзіўся ў 1959 годзе. Вядомы як аўтарытэтны кіназнаўца і кінакрытык. Аўтар навуковай канцэпцыі стварэння і развіцця Музея гісторыі беларускага кіно.

Гэта ўстанова была заснавана ў 1976 годзе як ведамасны музей пры кінастудыі «Беларусьфільм». Некаторы час размяшчалася ў Чырвоным касцёле, дзе тады знаходзіўся Дом кіно. Тады ўстанова выконвала ў асноўным архіўную функцыю.

Для рэгулярнага наведвання музей адкрыўся ў пачатку 2002 года ў спецыяльна рэканструяваным трохпавярховым будынку — помніку архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя (вул. Свярдлова, 4). З’яўляўся філіялам Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, зараз Нацыянальнага гістарычнага музея.

Аўдзееў узначальваў музей з 2003 года. Крытык сышоў са сваёй пасады ў снежні 2022-га, крыху недапрацаваўшы да свайго 20-годдзя на гэтай пасадзе.