Рацыя з Алесем Бяляцкім



Алесь Бяляцкі – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру!

Нобелеўскі камітэт прысудзіў прэмію міру кіраўніку „Вясны” Алесю Бяляцкаму і прадстаўнікам праваабарончых арганізацый Расеі і Украіны.

Лаўрэатаў прэміі міру абʼявілі ў Осла 7 кастрычніка. Прызавы фонд за гэтую намінацыю, як і за іншыя, складае дзесяць мільёнаў шведскіх крон (каля $900 тысяч).

Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» 60-гадовы Алесь Бяляцкі з ліпеня 2021 года разам са сваімі паплечнікамі знаходзіцца за кратамі. Кіраўніца Нобелеўскага камітэту ў Осла заявіла, што камітэт гэтай узнагародай з’вяртаецца да ўладаў Беларусі з заклікам вызваліць Алеся Бяляцкага і тысячы іншых палітвязняў у Беларусі.

* * *

Вочы ў вочы з Алесем Бяляцкім

Пра Беларусь і беларусаў з Алесем Бяляцкім гутарыць Міхась Андрасюк. Алесь Бяляцкі — праваабаронца і грамадскі дзеяч, літаратуразнаўца, былы дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, але таксама былы палітычны вязень. Цягам бліжэйшых месяцаў, кожныя два тыдні з Алесем Бяляцкім пагутарым: пра літаратуру і пра смяротнае пакаранне, пра службу ў савецкай арміі і пра маладзёвую музыку пачатку васьмідзясятых. Пра вяртанне да беларускай мовы і пра захапленні беларускай культурай. Карацей – пра беларускія справы.

Andrasiuk Bialacki (1)

 

* * *

 

«Алесь Бяляцкі і яго „Вясна”» – рэпартаж Аліны Андрыевіч

Вядомы ў Беларусі і паза яе межамі лідар праваабарончага цэнтра “Вясна”Алесь Бяляцкі – прысвяціў сваё жыццё нацыянальнаму адраджэнню Беларусі, стварыў праваабарончы цэнтр “Вясна”, пасля выбараў 2010 года адпакутаваў за кратамі 3 гады нібы за нявыплату падаткаў у буйным памеры, пасля выбараў 2020 зноў заключаны за краты і зноў прад’яўляюць  тое самае. Акрамя Алеся на гэты раз за кратамі знаходзяцца яшчэ 6 сябраў “Вясны”.

 

* * *

 

„Праваабаронца за кратамі” — рэпартаж Змітра Косціна

4_zniunia_zodzina_124 жніўня 2011 года быў затрыманы старшыня праваабарончай арганізацыі „Вясна”, віцэ-старшыня Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Беларускія ўлады абвінавацілі яго ў нявыплаце падаткаў з грошай прызначаных на праваабарончую дзейнасць. Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў выглядзе 4,5 гадоў зняволення ў Бабруйскай калоніі строгага рэжыму.

 

* * *

 

Мы бачым

 

* * *

 

Алесь Бяляцкі. Успаміны пра музей

Алесь Беляцкі.

Успаміны пра музей.

Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі з-за кратаў піша ўспаміны пра Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Менску, дзе працаваў дырэктарам з 1989 года па ліпень 1998-га года.

Алесь Бяляцкі і Алесь Камоцкі

27.07.2021

…Мінула 30 гадоў. Згадваючы той час, разумею, што буду пісаць найперш пра людзей. Бо гэта перадусім тыя, хто працуюць там і ствараюць адметную аўру.

Тут варта распавесці пра некалькі падзей, якія адбыліся за лета – раннюю восень 1989-га. У перыяд укаранення дэмакратычных элементаў кіравання ў СССР ішла кампанія выбараў кіраўнікоў установаў і прадпрыемстваў. Размова пра значныя пасады – дырэктараў заводаў, фабрык, інстытутаў, лабараторый…

Дакацілася гэтая хваля і да нашага Міністэрства культуры. Улетку былі абвешчаныя выбары кіраўніка музея Гісторыі беларускай літаратуры, дзе я працаваў. Выбіраць мусіў (нечуваная дагэтуль справа!) увесь працоўны калектыў.

І вось у “ЛіМе” размясцілі аб’яву пра конкурс. І тады ж да мяне падышла невысокая, у акулярах Вера Мікута і прапанавала падацца. Гэта сталася поўнай нечаканасцю. Вера настойліва ўгаворвала, запэўнівала, што калектыў падтрымае, бо ў апошнія месяцы пільна назіраюць за маімі паводзінамі.

Так, я любіў паэзію Максіма Багдановіча, добра ведаў час, у якім ён жыў, і адчуваў эпоху новага беларускага адраджэння. У сваёй кандыдацкай разглядаў публіцыстычныя вершы паэта.

Але я амаль нічога не ведаў пра музейную справу! І ўвогуле ніколі не займаўся ніякай гаспадаркай. На мае развагі і сумненні Вера супакойвала: дапаможам. Заўважу, на тую пару мы працавалі над зборам музейных матэрыялаў ужо некалькі гадоў, сабралі нямала экспанатаў, у тым ліку ўнікальных. Два гады таму атрымалі будынак пад установу, цяпер працавалі над тэматычным планам…

Я сказаў, што падумаю. У гэтыя ж хвіліны зразумеў – лёс дае мне нейкія неверагодныя шанцы і аніяк не выпадае адступаць…  Выбар быў зроблены.

30.07.2021

Недзе праз месяц завітаў у музей намеснік міністра культуры Мацвееў, мажны, добразычлівы дзядзька з цёмнымі плямамі пад вачыма. Паглядзець, што ў нас робіцца. Я сядзеў у сваім вялікім кабінеце, у старым швэдары грубай вязкі, падскочыў, калі ўбачыў яго, нешта распавёў. Ён пайшоў, здаецца, не расчараваны. А я паглядзеў на сябе збоку – кашлаты, з вялізнай дзіркай на рукаве – і сумеўся: абадранец нейкі. Неўзабаве перабраўся ў меншы пакой на першым паверсе, а ў гэты вялікі пераехалі навуковыя супрацоўнікі. Тут кантроль міністэрства за мной скончыўся. У наступныя два гады яму відавочна было не да нас.

Правай маёй рукой у гаспадарчых справах быў загадчык гаспадаркі Якаў Прадушчака. Невялікі ростам, сухі і нервовы пенсіянер-адстаўнік, які ўсё жыццё праслужыў у войску прапаршчыкам. Якаў Сцяпанавіч, патрапіўшы ў музей, добрасумленна выконваў сваю працу. Я, удвая маладзейшы, быў для яго безумоўным аўтарытэтам, камандзірам, загады якога не абмяркоўваліся, а выконваліся.

Гэткія стасункі бянтэжылі, але прыстасаваўся, бо сам нядаўна служыў у войску і ведаў тып такіх людзей, разумеў, што змены могуць прынесці толькі клопат. Наша агульная задача была – адчыніць музей. Задача няпростая: 1990 год, у які мы непрыкметна ўвайшлі, як і наступны, былі часам татальнага дэфіцыту і крыху пазней – жахлівай інфляцыі.

Нечакана для мяне гаспадарчае забеспячэнне музея стала вельмі важным. Так, былі сродкі, быў неблагі на той час бюджэт. Але нягледзячы на тое, што мы лічыліся дзяржаўнай установай, за гэтыя грошы вольна амаль нічога немагчыма было купіць. Усё – ад негабляванай дошкі, фарбы, шкла да эксклюзіўнай фурнітуры – даводзілася даставаць з боем ці з хітрасцю. Чатыры пятыя майго працоўнага часу займала гэтае рашэнне і даставанне.

Такое становішча ўносіла душэўны разлад.

Ідучы на дырэкара, я збіраўся пісаць, вывучаць творчую спадчыну паэта, магчыма, працаваць з Верай Мікутай над тэматычным планам экспазіцыі, прасоўваць Багдановічазнаўства. Я ж вучыўся на гэта! Літаратуразнаўства было маёй любімай справай, але я мусіў насіцца са Сцяпанавічам па крамах і базах, даставаць гіпс, каляровы метал, заключаць дамовы з фабрыкамі, брыгадамі працаўнікоў і мастакамі. Але куды адступаць?.. Я быў гатовы разбіцца ўшчэнт, але адчыніць музей.

Неўзабаве Мінкульт дадаў у музей яшчэ адну стаўку навуковай супрацоўніцы. Мае знаёмыя дзяўчаты-філфакаўкі вучыліся ўжо на пятым курсе. Леаніду Хадкевічу ў Музей гісторыі беларускай літаратуры я параіў на вольнае месца Наталлю Кавалеўскую, і ён узяў яе на працу. Да нас жа прыйшла Алена Кісялевіч, маленькая, танклявая дзяўчына. Наталля і Алена былі не чужыя ў беларускім моладзевым руху. Праз некалькі месяцаў на чарговую стаўку навуковай супрацоўніцы, якую я абгрунтаваў патрэбай працы над экспазіцыяй, залічылі маю маладзейшую сяброўку Паліну Качаткову. Як Ірына Марачкіна зусім нядаўна ўцягнула мяне ў музейнае кола, гэтак жа і я заманіў на працу сваіх знаёмых дзяўчат.

Зразумела, што сціплыя заробкі не маглі быць дастатковай аплатай за працу. Патрабавалася яшчэ нешта, што дазволіла б зрабіць з музея не месца для адпачынку і адседжвання жонак забяспечаных мужоў. Такім маторам магла стаць матываванасць працы дзеля беларускай культуры. У гэтых дзяўчат яна была.

06.08.2021

Пішучы пра музей Максіма Багдановіча, нельга не згадаць пра філію – “Беларускую хатку”. Адчынялі яе ўлетку 1991 года. Так склалася, што адкрыццё стала генеральнай рэпетыцыяй перад прэзентацыяй экспазіцыі ў цэнтральным будынку музея ў Траецкім прадмесці.

Цікавая гісторыя “Беларускай хаткі”. Дом стаяў непадалёк ад чыгункі. Крытая бляхай драўляная будыніна з двума ганкамі на дзве паловы, моцны зруб смалістых сцен плошчай каля 100 квадратных метраў. Падчас Першая сусветнай вайны яе здымаў разам з дзвюма сёстрамі Самуіл Плаўнік, які пісаў і дзейнічаў у беларускім нацыянальным руху пад псеўданімам Змітрок Бядуля.

У 1916 годзе Максім Багдановіч прыехаў з Яраслаўля на радзіму ў Менск пасля сканчэння юрыдычнага ліцэя. Змітрок Бядуля прапанаваў яму пасяліцца ў вольным пакойчыку. Максім пагадзіўся. Так у адной хаце жылі разам шэсць месяцаў маладыя, самыя таленавітыя на той час беларускія пісьменнікі – эмацыйны містык і ўдалы апавядальнік Змітрок Бядуля і мадэрновы паэт еўрапейскага кшталту, асветнік Максім Багдановіч.

Выхаваныя ў розных культурных асяродках, атрымаўшы розны ўзровень адукацыі, яны былі злучаныя адной ідэяй – Адраджэння Беларусі. Абодва надзвычай шмат для гэтага зрабілі. Абодва сталі класікамі літаратуры. Гэтае сяброўства Бядуля згадваў як найвялікшую падзею ў сваім жыцці. Незвычайнае тое суседства і для Максіма Багдановіча.

Тут ён мог пастаянна чуць ад Змітрака і ягоных сёстраў жывую беларускую мову, якой тыя валодалі дасканала. Важнай для беларусаў гэтая хата стала яшчэ і з той нагоды, што менавіта тут Максім Багдановіч напісаў культавы верш “Пагоня”. Пакладзены на музыку, ён стаў адным з беларускіх гімнаў.

У халодныя і галодныя месяцы, калі прыфрантавы Менск быў перапоўнены ўцекачамі, параненымі і хворымі жаўнерамі, Багдановіч жыў на мяжы жабрацтва. Увага і клопат Рэні і Гені не маглі замяніць догляд, які слабы здароўем Максім меў у бацькоўскай сям’і. Ягоная надзвычайная сціпласць прывяла да скрушных вынікаў. Максім захварэў на сухоты, пастаянна тэмпературыў, горлам ішла кроў. Менавіта адсюль Багдановіч быў ледзь не пад прымусам адпраўлены менскай інтэлігенцыяй у Ялту на лячэнне, дзе неўзабаве і памёр.

У першай палове 1980-х пытанне пра захаванне дома і ягоную мемарыялізацыю паставіў адзін мастацтвазнаўца, коратка напісаўшы пра яе гісторыю ў “Вячэрнім Мінску”. Гэта супала з часам стварэння музея. Дому пашанцавала. Яго захавалі і перадалі на баланс музея. Адно – перанеслі з месца, дзе ён стаяў на вуліцы Талстога і дзе пабудавалі шматпавярховік, метраў на дзвесце ў дворык інтэрната Інстытута культуры на вуліцу Рабкораўскую.

Дамок стаў бачны з Маскоўскай. Ён стаяў голы і неабгароджаны. Камунікацыі падвялі з інтэрнату, і ў гэтым была праблема, з якой мы сутыкнуліся пазней. Леанід Хадкевіч, былы дырэктар музея, дамовіўся, каб яму аддалі стаўку вартаўніка; ён начаваў у хаце, ахоўваў. Я не пераняў гэтую падпрацоўку, у хаце не было чаго красці. Неўзабаве паставілі ў доме аўтаномную сігналізацыю з магутным равуном. І пытанне аховы было вырашанае. Дом у экспазіцыйным плане назвалі “Беларускай хаткай”. Так ён і фігураваў далей як філія Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Праўдзівая ж “Беларуская хатка” знаходзілася на Захар’еўскай вуліцы наўскасяк ад Чырвонага касцёла. Там збіралася і дзеяла тагачасная менская беларуская грамада: Зоська Верас, Ядвігін Ш., Лявон Заяц, Альберт Паўловіч, верагодна, і Раман Скірмунт. Праводзіў там свой вольны ад працы час і Максім Багдановіч.

09.08.2021

Нічога не засталося з былога інтэр’ера хаты з таго часу, як у ёй дружна жылі Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Геняй ды Максімам. Таму, думаючы пра музей, усё даводзілася ўяўляць і аднаўляць. З успамінаў Змітрака – пакой Максіма Багдановіча. Шырокія пафарбаваныя масніцы, белыя сцены і зацемненыя вокны: ноч на двары, запаленая лямпа-газніца, аскетычны жалезны ложак, у куце – куфэрак для рэчаў, саматканы ходнік, некалькі кніжак, гімназічны шынель на кручку, тумбачка з лекамі… Вось і ўся мэбля. Але, калі мы расставілі і выклалі рэчы, кнігі, жалезны ложак, мяне ахапіла пачуццё, што Максім толькі пакінуў гэта ўсё і з’ехаў у Ялту.

Некаторыя рэчы для пакою – посуд, медную ступку і каменны песцік для размалвання пігулак, ложак – нашыя дзяўчаты здабылі ў старых менскіх дамах. Некалькі такіх на вуліцы каля Юбілейнай плошчы цудам захаваліся дасюль.

Мы хадзілі туды ў 1990-х з Верай і Таццянай Шубінай. Ускараскаліся па драўлянай лесвіцы на пагорак і апынуліся на старасвецкай вуліцы: на доле брук, вішні за плотам і брэх сабак. Побач будаваўся шматпавярховік, за спінаю засталася гаргара тэатра музкамедыі.

А тут мы акунуліся ў атмасферу местачковасці. На двары, куды зайшлі, пад вадасцёкам стаяла дзіўнай формы ацынкаваная балея. “Такіх ужо даўно не робяць”, – сказала Вера. Яна і Таццяна павіталіся з гаспадыняй, мы зайшлі ў дом – стары, яшчэ дарэвалюцыйны. Буфет, венскія крэслы, посуд – патрапілі ў атмасферу пачатку ХХ стагоддзя. Дзіўнае адчуванне ахапіла мяне. Ні змена ўлады, ні вайна і паваенны час, здаецца, сюды не дапялі. Тут было ўсё так, як у часы Максіма Багдановіча. Выкупілі ў гаспадыні нейкую драбязу, здаецца, тую ступку з песцікам, якая неўзабаве стала на тумбачку ў мемарыяльным пакоі Максіма ў “Беларускай Хатцы”, а таксама ручную машынку для выціскання бялізны з англійскім лейблам, і вярнуліся задаволеныя ў музей.

22.08.2021

Трэба сказаць, што ідэя размясціць экспазіцыю ў складнях, якія ўяўляюць з сябе аканіцы местачковага дому, была выпрабаваная за некалькі месяцаў да адкрыцця “Беларускай хаткі”. Такім чынам аформілі выставу, прысвечаную жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Яе змест закранаў усю творчасць паэта і ўсе перыяды яго жыцця ад нараджэння да смерці. Фактычна гэта была наша першая экспазіцыя, прысвечаная нацыянальнаму генію.

Мне хацелася, каб пакой Максіма Багдановіча ў “Хатцы” застаўся не толькі ў памяці супрацоўнікаў музея і наведвальнікаў ды на фотаздымках, таму папрасіў Уладзіміра Сулкоўскага намаляваць яго. Валодзя – свядомы і патрыятычны мастак, які браў удзел у грамадскім руху, аздабляў Дзяды, Чарнобыльскі шлях, нёс некалькі разоў падчас Шляху спецыяльна выліты звон. Ён выдатна адчуваў і маляваў інтэр’ер. Уладзімір Сулкоўскі рана памёр. Памяткай у нашым музеі застаўся па-мастацку намаляваны ім пакой Максіма.

23.08.2021

У “Беларускай хатцы” мая старая і добрая сяброўка Арына В. пару разоў ладзіла дзіцячыя Каляды. Бралі ў іх удзел сыны і дочкі нядаўніх талакоўцаў, іншых свядомых беларускіх сем’яў. Адной з арганізатарак Калядаў была талакоўка, рэжысёрка Ірына. Дзеці збіраліся на рэпетыцыі, вучылі ролі, бацькі шылі для іх касцюмы. Засталіся фотаздымкі, на якіх малыя бегаюць, весяляцца, і сярод іх – наш Алесь, Кастусь Костка і малая яшчэ Ірэна. Ірэны ўжо няма, нашы дзеці выраслі і пайшлі сваімі шляхамі. Некаторыя з іх працягваюць тое, што мы некалі падхапілі ад “недабіткаў” – так горка называлі сябе тыя з беларускай інтэлігенцыі, якія перажылі 30-50-я гады і засталіся жывымі.

Улетку 1991 года мы вазілі выставу Максіма Багдановіча ў вёску Вяззе. Яна ў Асіповіцкім раёне – памятная мясціна для сям’і Багдановічаў. Тут лесніком служыў швагер маці паэта. Летам 1895 года Багдановічы з сынамі Вадзімам, Львом і Максімам на некалькі месяцаў прыехалі сюды з Гародні. У даволі вялікі доме лесніка хапала ўсім месца. У сядзібе была немалая гаспадарка – каровы, свінні, коні і птушкі. Дзеці спазнавалі беларускую прыроду, гулялі з тутэйшымі і хутка пераймалі іх мову.

Бацька Максіма, Адам Багдановіч, быў вялікім прыхільнікам і энтузіястам беларускага слова, любіў народныя песні, казкі, паданні. Але дома з маці Максіма яны размаўлялі па-руску – прамы вынік адмысловай палітыкі ў Расійскай імперыі. Дзіва, але захаваўся да пачатку 1990-х дом лесніка ў Вяззі: перабудаваны, падлатаны, але зруб цэлы і пакрыты шыферам. У нашых планах было адбудаваць тую сядзібу і зрабіць там экспазіцыю, прысвечаную сям’і Багдановічаў, а таксама паказаць быт лесніка, служыўшага ў Радзівілаў. У Мікалаеўшчыне ў той самы час лесніком служыў бацька Якуба Коласа, Мікалай Міцкевіч. Марыя Багдановіч падчас жыцця ў Вяззі лячыла вясковых дзяцей, хоць і не была доктаркай, але давала тыя лекі, пра якія сама ведала. Мы хацелі перадаць атмасферу вялікай любові ў сям’і Багадновічаў, у якой праходзіла маленства Максіма.

На жаль, адбудаваць філію музея ў Вяззі не ўдалося, хоць быў зроблены праект рэстаўрацыі сядзібы.

Вяззе – немалая вёска, стаіць на беразе Свіслачы і вадасховішча, недалёка ад Асіповічаў і Бабруйска. У перспектыве там мог узнікнуць новы турыстычны аб’ект, які паказваў бы беларускую культуру.

Але нашыя планы не спраўдзіліся. У сярэдзіне 1990-х фінансаванне амаль спынілася. Яшчэ неяк давалі грошы на штат супрацоўнікаў. Мы рухалі, як маглі, адбудову фальварка ў Ракуцёўшчыне, гэта быў для нас прыярытэт. А пасля 1994 года ўсё знерухомела.

З сярэдзіны 1990-ых я не быў у Вяззі. Хату лесніка сельсавет разабраў, бо выконвалі загад па добраўпарадкаванні вёсак. Пэўна, аўтэнтычнае бярвенне зруба ўжо даўно згніло, але ці застаўся пустым пляц, ці там нехта пабудаваў хату – не ведаю. Я чамусьці спадзяваўся, што філія Музея Максіма Багдановіча ў сядзібе лесніка ў Вяззі яшчэ з’явіцца.

Таму вяртаюся да таго, як мы вазілі туды нашу выставу. Праходзіла гэта ў рамках святкавання сотых угодкаў з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Да гэтага меў дачыненне аддзел культуры Магілёўскага аблвыканкама. У Вяззі пабудавалі спецыяльную сцэну ў цэнтры, паставілі лаўкі. З Магілёва прыехаў загадчык аддзела культуры аблвыканкама – неверагодны хамуйла і цынік. Хваліўся, што да гэтай пары рабіў першым сакратаром Мсціслаўскага райкама. У культуры нічога не разумеў, ды й моцна не хаваў гэтага, грэбаваў ёй.

Мы размясцілі выставу ў фае дома культуры. Разгорнутыя складні стаялі на адметных падстаўках, зробленых з акуратна таніраваных брускоў. Алена Кісялевіч адчайна смела правяла першую экскурсію.

28.08.2021 

На жаль, свята паэзіі ў Вяззі не стала традыцыйным так, як гэта адбылося ў Ракуцёўшчыне. На ўсходзе Беларусі разуменне каштоўнасці святаў беларускай паэзіі, роднага слова было невялікім. Мы адныя не змаглі пераламіць сітуацыю.

Гартаючы зборнік вершаў Максіма Багдановіча, шукаю вершы, якія маглі быць напісаныя ім у “Хатцы”. З успамінаў Змітрака Бядулі мы дакладна ведаем пра паэму “Страцім-Лебедзь”, якую Багдановіч чытаў тут у канцы 1916 года перад беларускім актывам. Некалькі твораў у ягоным зборы пазначаныя 1915-1917 гадамі. Яны маглі быць напісаныя і ў Яраслаўлі, і ў Менску ці ў Ялце. Маю ўвагу прыцягваюць два вершы, якія па змесце вельмі верагодна маглі быць напісаныя менавіта ў Менску:

Выйшаў з хаты, ціха спіць падворак,

Не злічыць у сэрцы светлых дум. 

Быўшы ўвечары ў “Беларускай хатцы”, я ясна ўяўляў, як Максім выходзіў са свайго пакоя ў агульны калідорчык, не турбуючы Плаўнікаў, з яго – на ганак і на двор. Ціхая, зімняя ясная ноч. Зоркі, якія тады можно было ўбачыць у Менску. Брэх сабакаў.

І другі верш. Хоць і напісаў некалі даследчык творчасці Максіма Багдановіча, што ён хутчэй за ўсё створаны ў Ялце, але мне хочацца верыць: гэта яшчэ менскі верш.

Набягае яно. Вечарамі, начамі,

Адчыняе вакно

I шамрэе кустамі.

I гавора адну

Старадаўнюю казку

– Аб любоў i вясну. I жаночую ласку.

Магчыма, верш навеяны хваравітым станам паэта.

Ізноў жа я ўяўляю, як Максім ляжыць у сваім мулкім жалезным ложку ў гарачцы, мокры ад поту, выпівае парашкі, якія збіваюць тэмпературу, настой траў і ўпадае ў начное марыва трызненняў і мрояў. Часам ён гушкаецца на хвалях нябачнай сусветнай энергіі, ён чуе шамаценне, невядомыя гукі, якія пранікаюць праз акно ў пакой. Затым ізноў забыццё, паэту здаецца, што нехта лунае ў пакоі, зазірае яму ў вочы. Здаецца, каханне і смерць па чарзе залятаюць у пакой да Максіма. На гэтых арэлях лёс гушкае яго ў апошнія месяцы жыцця, то ўздымаючы высока ў неба, то скідаючы ў пекла.

15.08.2021

Адзін з вялікіх пакояў у “Беларускай хатцы” пакінулі пад музейную экспазіцыю і батлейку. Інфармацыю пра “Хатку”, пра жыццё Максіма Багдановіча Эдуард Агуновіч прапанаваў размясціць у складнях, зробленых у форме аканіцаў. Складні мусілі быць размешчаныя на сценах. Сам жа пакой уяўляў вялікую залу з драўлянымі лавамі і сцэнаю, на якой стаяла батлейка. Драўляная, збітая з дошак скрыня з двума ўзроўнямі і каляднай зоркай наверсе. Копія старой батлейкі, якая захоўвалася ў пецярбургскім этнаграфічным музеі і была прывезеная туды напачатку ХХ стагоддзя.

Зрабіць батлеечны тэатр у “Хатцы” – вельмі ўдалая ідэя. Адна экскурсія без інтэрактыву была б занадта сумнай для наведвальнікаў, асноўная частка якіх – школьнікі.

Першым батлеечнікам стаў мой стары сябра Сяржук Вітушка. Мы яшчэ не адчынілі экспазіцыю, а Сяржук на народных вулічных святах паказваў традыцыйную народную п’есу. Адзін з паказаў быў каля Белай дачы. Батлейка нязменна выклікала гарачае захаплене.

Аднак Вітушка доўга ў музеі не затрымаўся. Неўзабаве ён ажаніўся з вілінчанкай, беларускай актывісткай, нашай сяброўкай Людвікай, і пераехаў у Вільню.

У гэты самы час у Менск перабраўся мой сябра са студэнцкіх часоў, паэт Едрусь Акулін. Я прапанаваў яму далучыцца да музейнай каманды, пайсці на загадчыка філіі ў “Беларускую хатку”. Так яна знайшла свайго сапраўднага гаспадара. Наступныя дванаццаць гадоў можна смела назваць перыядам Едруся Акуліна. Ён віртуозна засвоіў батлейку, вадзіў лялькі, спяваў на розныя галасы пад гітару, захопена распавядаў пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, кожны раз упадаючы ў тэатральна-распавядальны транс. Едрусь даглядаў і гаспадарку: абкошваў двор, падсаджваў дрэвы і кусты. У “Хатцы” збіраўся клуб аматараў паэзіі, там прайшлі дзясяткі сустрэч. Заглядваў у госці да Едруся і Анатоль Сыс. За гады працы Едрусь правёў тысячы экскурсій, быў надзейным памочнікам і маторам у музейных справах.

У 1992-м у “Хатцы” стала працаваць Наталля Акуліна, жонка Едруся, наша аднакурсніца. Яна замяніла Таццяну Шэляговіч, якая перайшла ў экскурсійны аддзел цэнтральнага музея. Наталля таксама навучылася выдатна праводзіць экскурсіі і паказваць батлейку. Праца Наталлі і Едруся была каштоўным здабыткам для музея.

Адкрыццё “Беларускай хаткі” запланавалі на лета 1991 года. Экспазіцыя рабілася; побач з музейным дваром скульптар Уладзімір Слабодчыкаў усталяваў скульптуру паэта. Дамаўляўся наконт яе вырабу Эдуард Агуновіч. Скульптура была выкананая ў выглядзе невялікай стэлы з ружовага граніту і бронзавага бюсту. Яна выглядала непрыкметнай, не кідалася ў вочы, яе мінімалізм характэрны для Слабодчыкава. Але не прахадная, адметная і ўнікальная, пасуе да характару самога Максіма, які пісаў пра сябе: “Я непрыкметны шэры чалавек”, але меў у душы жыватворчы агонь генія.

Да адкрыцця “Хаткі” заставалася два месяцы, а яна стаяла неабгароджаная. Гарадская ўправа, адказная за добраўпарадкаванне тэрыторыі, зусім не спяшалася, а можа і зусім не збіралася гэта рабіць.

Паводле рэспубліканскіх планаў святкавання сотых угодкаў з дня нараджэння Максіма Багдановіча, зацверджаных Саветам міністраў, менавіта горад адказваў за гэта. Але 1991-ы быў вельмі няпросты для Менска. Цяжкая эканамічная сітуацыя, палітычныя змены – багата якія планы не выконваліся. У 1990-м я быў абраны дэпутатам Менскага гарадскога савета. У траўні-чэрвені 1991 года пісьмова звярнуўся да старшыні гарсавета з просьбай паўплываць на кіраўніцтва будаўнічага трэсту, каб давесці прымузейную тэрыторыю да ладу. Старшыня Аляксандр Герасіменка націснуў – і праз пару тыдняў пачаліся працы.

02.09.2021

Увесь 1990 і 1991 гады прайшлі ў напружаным стваральным рытме. Галоўны мастак экспазіцыі Э. Агуновіч падключаў да працы вопытных і вядомых мастакоў. Меркавалася, што экспазіцыя будзе размяшчацца на другім паверсе ў пяці невялікіх залах, можна сказаць, нават пакойчыках, аб’яднаных скразным праходам з лесвічнай пляцоўкі.

Эдуард вельмі перажываў, што плошча невялікая і ў пакоях невысокія столі. Не было дзе разгарнуцца напоўніцу. Ён увесь час шукаў выйсце з гэтай праблемы.

На першым паверсе – прасторны ход, за ім зала, якая меркавалася як выставачная. Яе мы разглядалі ў другую чаргу. Галоўнай мэтай было запусціць да 100-годдзя Максіма Багдановіча экспазіцыю. Пачыналася яна аб’ёмным макетам старога Менску. Макет мастак Пётр Драчоў зрабіў з кардону на паперы, як пап’е-машэ. Ён быў маляўніча расфарбаваны. Старыя кварталы дамоў, пакрытыя чырвонай дахоўкай, Верхні горад, Няміга, Траецкае прадмесце – усё вельмі дакладна паказвала горад  канца 19-га – пачатку 20-га стагоддзя, які быў у значнай ступені страчаны.

Сярод дамкоў Траецкага прадмесця і дом, важны для нас. У ім на першым паверсе школа, а на другім у службовай кватэры жыла сям’я Багдановічаў. Там у снежні 1891 года нарадзіўся Максім. Ён быў другім хлопчыкам у сям’і. У школе рабіў настаўнікам бацька Максіма. Першы паверх цагляны, а другі – драўляны. Да 1990-х гадоў дом не захаваўся. Ён моцна пацярпеў падчас вайны. Але яшчэ меліся падмуркі, схаваныя пад зямлёй. Яны знаходзілся ў двары на тагачаснай вуліцы Максіма Горкага пад павільёнам крамы гародніны і пунктам прыёму шклатары.

У нашых наступных планах было пераканаць гарадскія ўлады і Міністэрства культуры аднавіць гэты дом. Мастак Эдуард Агуновіч марыў перамясціць туды ў будучыні музей. Я ж хацеў прапанаваць зрабіць там культурна-асветніцкую пляцоўку, скіраваную на літаратурную моладзь. На жаль, і гэтыя планы, як і планы аднавіць хату лесніка ў Вяззі, не адбыліся.

У сярэдзіне 1990-х Міністэрства культуры перастала вылучаць сродкі на мемарыялізацыю мясцінаў, звязаных з Максімам Багдановічам. Не дапамагло і тое, што тагачасны міністр культуры Сасноўскі сам родам з Вяззя. Мы з Белрэстаўрацыяй падрыхтавалі праект аднаўлення дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч, але далей справа не пайшла. Пазней, ужо ў 2000-я, на гэтым месцы быў пабудаваны “дом Чыжа”. Пра былую дом-школу нагадвае выродлівая памятная шыльда.

Але вернемся на Траецкае прадмесце, дзе напачатку 1990-х мы шчыравалі над будучай экспазіцыяй музея. Засталася брашура, якая даволі падрабязна апісвае яе. Я спынюся толькі на некаторых памятных для мяне кропках.

Унікальныя шрыфты і выкананне надпісаў, подпісаў для экспазіцыі рабіў вядомы шрыфтавік Семчанка, хіба што найлепшы мастак-шрыфтавік у Беларусі. Мы з Эдуардам Агуновічам ездзілі да яго ў майстэрню. Нешматслоўны, з вялікай чорнай барадой Семчанка нагадваў мне перапісчыка з верша Максіма Багдановіча. Ён паказваў нам спробныя адмысловыя ўзоры, падабраныя да шрыфтоў.

07.09.2021

Упрыгожаннем Цэнтральнага музея Багдановіча ў Траецкім прадмесці з’яўляецца вялікая люстра-жырандоль шасціметровай даўжыні. Яна вісіць у пралёце, калі з хола ўздымаешся на другі паверх. Ідэя зрабіць такую аб’ёмную люстру належала ізноў жа Эдуарду Агуновічу. Рабіла яе каманда мастакоў – Дубатоўк ды іншыя. Мы ездзілі з Агуновічам да іх у майстрэню. Трое працавалі з жалезам. Я з цікавасцю разглядаў каваны і гравіраваныя мячы, латы, даспехі, выкаваную і сплеценую кальчугу. Пазней яны зрабілі багата зброі і рыштунку для музеяў у Мірскім і Нясвіжскім замках. Люстру для музея прапанавалі зрабіць з латуневых прутоў, дадаўшы плафоны-кветкі. Матэрыялы мусілі замаўляць мы. Плафоны-кветкі замовілі на шклозаводзе ў Бярозе. Дазвол на метал выпісала Міністэрства забеспячэння пасля адмысловага ліста, які я пісаў туды. Яны ўпіраліся, адказвалі напачатку, што ўсе фонды ўжо размеркаваныя. Але пасля таго, як падключыў мінкульт, згадзіліся.

З гэтым дазволам мы са Сцяпанавічам паехалі на металабазу ў Шабаны. Памятаю, як з нейкай завадской кацельнай праз дарогу на шэрыя пяціпавярховікі цягнуліся рваныя космы дыму. У вялізным складзе-ангары загрузілі амаль тону тоўстых, квадратных, у разрэзе чатырохметровых у даўжыню і больш тонкіх круглых латуневых прутоў. Мы завезлі іх у музей і перацягнулі ў пограб.

Дзесьці праз месяц мастакі прывезлі ў музей дэталі сплеценай з латуневых прутоў люстры, скруцілі і змантвалі яе, а затым павесілі ў вызначаным месцы. Мы замацавалі плафоны і ўкруцілі лямпачкі. Люстра, стылізаваная пад арт-дэко, атрымалася вытанчанай і святочнай. Яна ўражвала наступныя шматлікія экскурсіі і настройвала наведвальнікаў музея на ўзнёслы лад.

09.09.2021

У кожнай з залаў цэнтральнага музея была вызначаная як мінімум адна эмацыйная кропка. Прычым для кожнага з наведвальнікаў музея яны былі розныя. Спынюся на сваіх.

Пра першую залу і аб’ёмную панараму Менска я ўжо пісаў. Яшчэ я заўсёды спыняўся каля гімназічнага атэстата Максіма: адны трайбаны. Крыху чацвёрак па літаратуры, астатнія прадметы ледзь-ледзь. Я ўсміхаюся. Колькі юнакоў і юначак з іхнімі бацькамі былі б у роспачы ад такіх адзнак. Для мяне сярэдненькія адзнакі ў атэстаце Максіма гавораць багата пра што. І пра тое, што бацька не вісеў над ім і не зудзеў, чаму такія слабыя адзнакі, шанаваў яго заняткі нефармальнай адукацыяй, захапленне беларушчынай і вершаскладанне па-беларуску. За гэта дакладна адзнак Максім у атэстат не атрымліваў. Ягонае «честолюбіе» было накіраванае на іншае. Ён паставіў сабе за мэту, жывучы за тысячу кіламетраў ад Беларусі, засвоіць беларускую мову, каб упэўнена пісаць на ёй артыкулы, зацемкі, і ўрэшце – вершы.

Задача найскладанейшая, улічваючы тое, што новая літаратурная беларуская мова тады толькі ўнармоўвалася. Гэта быў адначасова цяжкі і захапляльны працэс – паэтычная і моўная творчасць.

У беларускай мове раскрыўся геній Максіма Багдановіча. Гэта выразна бачна, калі параўноўваеш яго вершы на беларускай і рускай мовах. Яшчэ больш дзіўна з таго, што руская была для Максіма фактычна роднай.

У Беларусі ён пражыў першыя пяць гадоў жыцця, затым сям’я Багдановічаў, бацька з дзецьмі, пасля смерці маці Марыі Багдановіч, выехала ў глыбінку Расіі – у Ніжні Ноўгарад, затым – у Яраслаўль. Максім вярнуўся ў 1916 годзе на паўгады ў Менск і з’ехаў у 1917 годзе.

Нягледзячы на тройкі і нават адзін год, які давялося паўтарыць у гімназіі, латынь, нямецкая, французская мовы, іншыя гуманітарныя веды, закладзеныя падчас навучання, далі магчымасць Максіму вольна перакладаць з гэтых моваў на беларускую. Відавочна, што ён быў у курсе навінак рускай літаратуры. Не толькі руская класіка, але і зоркі расійскай паэзіі “срэбнага веку”, тагачасныя актуальныя літаратурныя плыні, накірункі, гурты – сімвалісты, акмеісты, імажыністы – былі яму добра вядомыя. Максім Багдановіч жыў у адзін час з Блокам, Ахматавай, Гіпіус, Цвятаевай, Мандальштамам. Ён ведаў іхнюю паэзію, і гэта не магло не адбіцца на ягонай творчасці.

Яшчэ адну кропку я ніколі не прамінаў у чацвёртай зале экспазіцыі – літаграфія Мадонны Рафаэля. Нічога асаблівага ў тыя часы ў гэтай літаграфіі не было. Такое можна часта заўважыць у інтэр’ерах інтэлігенцыі ў пачатку ХХ стагоддзя. Я прыкмеціў яе на фотаздымку ў кватэры сям’і Лесі Украінкі ў Кіеве. Вось жа яна была і ў Багдановічаў, пераязджала з адной здымнай кватэры на іншую. Сотні разоў погляд Максіма затрымліваўся на ёй. Пэўна, ён не раз згадваў пра яе, пішучы вершы, якія ўвайшлі ў цыкл “Мадонны”, шукаючы ў ёй “штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі / Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі”.

Падчас грамадзянскай вайны дом, дзе жылі Багдановічы, згарэў. Ужо Максіма не было ў жывых, калі ягоны бацька з трэцяй жонкай і дзецьмі ад яе вярнуліся ў Яраслаўль, некалькі месяцаў хаваліся ў вёсцы пад горадам. На папялішчы Адам Багдановіч падабраў літаграфію Мадонны. Яна захавалася дзіўным чынам, толькі адзін бок злёгку падгарэў. З пограбу Адам Багадановіч дастаў куфэрак з вершамі і рукапісамі Максіма. Два цуды.

Вершы і рукапісы Максіма Адам Багдановіч аддаў у Інбелкульт у Менск, і большасць з іх была надрукаваная. А літаграфію Мадонны Рафаэля захавалі сваякі Максіма і перадалі ў музей. Гэтая “Неапаленая Купіна” і зараз захоўваецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

15.09.2021

Чацвёртая зала ў музеі была прысвечаная жанчынам у жыцці і творчасці Максіма Багдановіча. А яны сапраўды мелі месца. Яны былі вельмі розныя, таксама ў Максіма было вельмі рознае стаўленне да іх, але заўсёды вельмі кранальнае і надзвычай уважлівае.

Максім ніколі і нічога не пісаў пра сваю маці. Яе вобраз, відаць, быў занадта туманны і расплывісты. Яму было ўсяго пяць, калі яна памерла. Успаміны пра яе падаваліся, напэўна, вельмі прыватнымі. Урэшце, і пра свайго бацьку, які шмат даў Максіму, каб той стаў тым, кім стаў.

А вось трэцяя жонка Адама Багдановіча, якая была роднай цёткай Максіма, малодшай сястрой маці, прыцягвала пільную ўвагу. З русявай касой, не такая прыгожая, як старэйшая сястра Марыя. Ёй было 26, калі яна прыехала з Менску дапамагаць Адаму Багдановічу даглядаць малых яшчэ пляменнікаў. Там і здарылася гэтая гісторыя кахання, якая, пэўна, была незычайная для таго часу.

Хоць Адам і належаў да дэмакратычнага кола інтэлігенцыі, Аляксандра, па ўспамінах сваякоў, камплексавала ўсё сваё жыццё. Яна выхоўвала трох пляменнікаў і нарадзіла яшчэ пяць сыноў. Пазбягала кола знаёмстваў мужа і амаль увесь час праводзіла дома. Вось жа за пастаяннымі цяжарнасцямі сваёй мачахі-цёткі і назіраў Максім. У выніку з’явіўся цыкл вершаў “Каханне і смерць”. Ніхто з нашай паэзіі не напісаў лепш пра стан цяжарнасці жанчыны, пра цуд з’яўлення новага чалавечага жыцця:

Ціха ідзеш ты, у нэтрах дзіцёнка хадою калышаш,

Цёмнай і цёплай яму служыш калыскай цяпер.

Папярэдняя жонка бацькі, Аляксандра Волжына, якая даводзілася залоўкай Максіму Горкаму, моцна ўразіла Максіма Багдановіча сваёй смерцю – яна памерла 19-гадовай пры родах:

Белы крыж, пліта, пад ёй – магіла;

Мілым кветам рожа зацьвіла.

Тут калісьці ты, мой друг, спачыла –

Спарадзіла ў муках і лягла.

Быў выстаўлены ў чацвёртай зале і фотаздымак стрыечнай сястры Максіма Багдановіча Ганны Гапановіч. Здымак, як на мой густ, статычны. У жыцці яна была значна жвавейшай і прыгажэйшай. З Максімам яны сімпатызавалі адно адному як брат і сястра. Паэт прысвяціў Нюце-Ганне зборнік вершаў-перакладаў на рускую мову “Зеленя”. Ён выстаўлены ў чацвёртай зале музея.

Аня Какуева, сястра Рафаіла Какуева, сябрука Максіма па гімназі, была шчырым каханнем Максіма. “Прыгожая дзяўчына” – згадваў пра яе бацька Максіма. Ёй паэт прысвяціў шмат кранальных лірычных вершаў.

Толькі ж чаму ж гэта ў ночы глыбокія,

Даўшы спачынак стамлёным вачам,

я шапачу цераз сны адзінокія:

“Аня, мая… нікаму не аддам”.

Пра любоўную лірыку Максіма Багдановіча можна гаварыць і гаварыць, хапіла б на поўную экскурсію. Гэтыя вершы, створаныя пад уплывам пачуццяў да Анны Какуевай, я вучыў напамяць у 17 гадоў, калі адкрыў для сябе паэзію Багдановіча, затым чытаў падчас экскурсій у чацвёртай зале музея “Жанчыны ў жыцці Максіма Багдановіча”. Яны кранаюць мяне і зараз, калі я сяджу на нарах, праглядаю абдрапаны томік вершаў 1868 года выдання з выдранымі некаторымі старонкамі і паглядаю на вежу Пішчалаўскага замка, якая ззяе белізной на вераснёвым сонцы.

Я – непрыкметны, шэры чалавек.

Але Вамi, толькi Вамi паўна мая душа.

I лiюцца з яе <вершы> аб Вас,

Як лiецца вясной праз кару чысты сок

З перапоўненага iм шэрага клёна.

і яшчэ: “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы ў ціхую сінюю ноч”.

Гэтае платанічнае каханне да Ані Какуевай узносіла Максіма да мараў, фантазій пра магчымыя далейшыя сумесныя планы, пра іх агульнае дзіцё – і менавіта дзяўчынку?..

Больш за ўсё на сьвеце жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак –

Маленькая дачушка-немаўляшка,

Аня Максімаўна,

(,,,)

Зусім такая, як Вы,

Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай.

12.09.2021

Летам 1915 года Максім Багдановіч жыў у пансіёне для людзей, схільных да сухотаў, у Старым Крыме. На летні адпачынак яго адправіў бацька. Туды ж на лячэнне прыязджае маладая замужняя жанчына, напалову армянка. Завуць яе Клава. У Максіма і Клавы разгарэўся раман. Пасля хуткаплыннага кахання застаўся верш на рускай мове.

Забудется многое, Клава,

Но буду я помнить всегда.

Как в сердце шипела отрава

Любви, и тоски, и стыда.

Відавочна, што гэта была шалёная страсць, якая ахапіла Максіма і Клаву цалкам па-за разважлівасцю і логікай.

Засталося таксама некалькі старонак інтымных запісаў, занатаваных Максімам на хуткую руку алоўкам. Запісы паўсцёртыя ад часу, некаторыя словы неразборлівыя, але зразумелы асноўны змест. Максім па днях апісвае галоўныя эпізоды знаёмства з Клавай. З дзённікавых запісаў становіцца зразумелым, што ў іх была інтымная сувязь. Палкі курортны раман цалкам захапляе Максіма. Невядомы далейшы лёс Клавы. І паэту заставалася жыць менш за два гады. Яны, як летнія матылькі, імкнуліся паспець схапіць салодкае імгненне прамінаючага шчасця.

На экспазіцыі музея пра гэтае крымскае захапленне распавядаецца небагата. Не надта яно ўпісвалася ў вобраз самотнага і беспрытульнага паэта. Крыху пазней у коле супрацоўнікаў музея абмяркоўвалі магчымасць друку “інтымнага дзённіка”.

Расчытала дзённік – тое, што можна было зразумець, – яшчэ ў 1970-я гады Ніна Ватацы, бібліёграф, даследчык творчасці Максіма. Яна ж зрабіла і першае публічнае апісанне дзённіка, пераказаўшы тое, што можна было, не кранаючы інтымных падрабязнасцяў дзённіка. Але асобныя цытаты, якія прыводзіла Ніна Ватацы, не давалі ўяўлення пра змест тэкста. Усё ж такі гэта быў тэкст вялікага паэта. Мы разважалі: ці мелі права трымаць яго пад замком, ці яго варта было паказаць шырокаму чытачу? Усе пагадзіліся, што друкавць гэты тэкст ранавата. Занадта ён інтымны, нават фізіялагічны. Максім пісаў толькі для сябе.

Некалькі разоў мы вярталіся да гэтага тэксту. Прафесар Вячаслаў Рагойша на адной з нашых навуковых канферэнцый выказаўся, што можна і варта зрабіць у спецыяльным навуковым выданні, якія выходзяць невялікім накладам з каментарамі. Я нават загарэўся гэтай ідэяй, мяркуючы, што каментары мог бы напісаць сам прафесар Вячаслаў Рагойша. Не хацелася выглядаць на жрацоў, якія любым коштам ахоўваюць таямніцу свайго Бога. Але не паспеў.

У Максіма Багдановіча ёсць некалькі вершаў, дзе ён апісвае стан палкай страсці.

Прынадна вочы ззяюць да мяне;

Чароўна усміхаючыся, губы

Адкрылі буйныя бялеючыя зубы…

Ласкавы шэпт… Гарачай хваляй мкне.

Гэты санет быў напісаны ў 1914 годзе. Каму ён быў прысвечаны, ці апісваў натуральныя пачуцці і любоўныя перажыванні Максіма, ці з’яўляецца домыслам, паэтычнай фантазіяй – можна толькі здагадвацца. Інтуітыўна я адчуваю – гэтыя радкі маюць пад сабой рэальны жыццёвы досвед паэта.

Зоська Верас у сваіх успамінах згадвае, што Максім Багдановіч жадаў пазнаёміцца з беларускай свядомай дзяўчынай. Яна звяла яго са сваёй сяброўкай, але тая не спадабалася паэту. Так што ўсе рамантычныя гісторыі, улюблёнасці і каханні Максіма Багдановіча звязаныя з Яраслаўлем і Крымам.

Завяршаючы свае развагі пра ролю і вобраз дзяўчыны ў творчасці Максіма Багдановіча, не магу не згадаць радкі ягонага трыялета:

Мне доўгае расстаньне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

Чаму ж нядобры час прынёс

Мне доўгае расстаньне з Вамі?

Я пабляднеў ад горкіх сьлёз

I трыялет пачаў славамі:

Мне доўгае расстаньне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

У перакладзе на рускую мову верш пазначаны як трыялет 18-га стагоддзя. Можа і існуе ў еўрапейскай паэзіі ўзор-аналаг гэтага трыялета, але для мяне ён застаецца адным з найлепшых вершаў пра каханне ў беларускай паэзіі.

***

За клопатамі пра музей ды гістарычнымі падзеямі 1991 года, непрыкметна набліжалася дата адкрыцця музея, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Падчас жнівеньскага путча мы, дэпутаты Менскага гарадскога савета, аб’яднаныя ў дэпутацкае згуртаванне „Дэмакратычная плынь”, прынялі адмысловую заяву ў абарону дэмакратычных каштоўнасцяў і заклікалі людзей не падтрымліваць ГКЧП.

У гэтыя дні я быў на сходах Мартыралогу. Быў і на Плошчы Незалежнасці, тады яшчэ плошчы Леніна, дзе збіраліся неабыякавыя людзі, збіраліся дэпутаты Вярхоўнага Савету.

Паліна Качаткова згадвала, што я адгаворваў іх – яе і Алену Кісялевіч – хадзіць на плошчу, казаў, што ў нас свая галоўная ўласная задача – адкрыццё музея. Не памятаю, але не адмаўляюся, што такое магло быць. Занадта важным для мяне было адкрыццё музея.

Эдуард Агуновіч параіў мастакоў, якія распрацавалі канцэпцыю добраўпарадкавання калямузейнай тэрыторыі. Будынак музея ахоўваецца дзяржавай, лічыцца помнікам архітэктуры XIX-га стагоддзя. Пры рэстаўрацыі ад старога, аўтэнтычнага будынку засталася толькі задняя сценка, астатняе – новадзел. Будынак узнавілі па старых архіўных дакументах. Рэстаўрацыю рабілі на савецкі капыл: усё разбурылі, і склалі будынак па-новаму. Як для музея, можа гэта і някепска, прынамсі будынак сухі, толькі старая сцяна была вечна вільготная – кепска зрабілі ізаляцыю. Такі будынак прыняў папярэдні дырэктар Леанід Хадкевіч. Гэтую вільготную сцяну мы падмазвалі і падфарбоўвалі кожны год. І штогод фарба злятала з яе. Да гэтай сцяны выходзіў запасны лесвічны пралёт. Ад яе былі далёка музейныя фонды і кабінеты супрацоўнікаў, таму некалькі гадоў мы абыходзіліся нязначным рамонтам.

Праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі атрымаўся занадта радыкальным. Мастакі прапанавалі закрыць фасад будынку вялізнай інсталяцыяй са шкла і храміраваных трубаў. Мы адмовіліся ад яго. Нам бы і не дазволілі паставіць такую гаргару. Мы самі паставілі чатыры бетонныя клумбы: дзве ля ўваходу і дзве з боку музея, бліжэй да Дома прыроды, у якім раней месцілася сінагога.

Маёй ідэяй было ўпрыгожыць музей барэльефам з выявай Максіма Багдановіча

Скульптара Валер’яна Янушкевіча я ведаў па Беларускай каталіцкай грамадзе. З ягоным братам Язэпам Янушкевічам мы разам вучыліся ў аспірантуры. Напачатку 90-х грамадскі рух беларускіх католікаў бурліва развіваўся. Створаная БКГ аб’ядноўвала некалькі сотняў чалавек, якія аднаўлялі традыцыю касцёла ў яго беларускай моўнай форме. Грамада гуртавала ў асноўным моладзь. Да яе дзейнасці ад самага пачатку актыўна далучыўся і я. У Менску нам удалося распачаць першыя рэгулярныя беларускамоўныя службы ў касцёле святой Тройцы. З братоў Янушкевічаў найбольш актыўнічаў у БКГ старэйшы брат Фелікс Янушкевіч, даволі вядомы ў творчым асяроддзі. Ён быў абраным старшынём БКГ, а я – адным з намеснікаў. Гады на чатыры, аж да спынення працы Грамады, у Фелікса Янушкевіча хапіла імпэту на яе.

Валерыян быў у нашай каталіцкай касцельнай супольнасці болей як скульптар. У базавым для БКГ касцёле на Залатой горцы ёсць некалькі зробленых ім прац, у тым ліку фігура Святога Роха, барэльефы Крыжовага шляху ды іншыя. Ён фактычна стварыў усю манументальную аздобу касцёла, які пасля ўлады камуністаў стаяў зусім пустым. Валерыян, яшчэ малады зусім, быў ужо вядомым аўтарам помніка Адаму Міцкевічу ў Наваградку. Валерыяну належыць стыль неарамантызму, у якім ён прапрацаваў усё жыццё і працягвае працаваць і зараз. Маёй ідэяй было ўпрыгожыць музей барэльефам з выявай Максіма Багдановіча, заадно зрабіўшы з бронзы надпіс, што тут знаходзіцца музей. З гэтай ідэяй я звярнуўся да Валерыяна Янушкевіча. Я хадзіў у майстэрню да Валерыяна на вуліцу Сурганава ў так званы дом мастакоў, дзе некалькі мастакоў мелі кватэры і майстэрні. У гэтым доме, які стаіць недалёка ад універсама „Рыга”, жыў Эдуард Агуновіч, наш мастак, там жа ў яго была майстэрня. Валерыян дзяліў майстэрню з іншым маладым мастаком Паўлам Лукам. Высокі, худы з выразным тонкім носам Валерыян быў аскетам, бачыў у сваёй працы пакліканне звыш. Ён быў прыкаваны да мастацтва ланцугом і жыў мастацтвам. У свой свет ён пускаў далёка не кожнага. У майстэрні я ўпершыню убачыў і пазнаёміўся з Паўлам Лукам. Павел зрабіў на той час бюст Гашынскага ў Ашмянах. Таленавіты Павел вечна пасміхаўся, быў мяккім і ўдумлівым. Ягоны стыль працы быў класічным. Працы, якія я пабачыў у майстэрні, захапілі мяне лаканічнасцю і бездакорнасцю. З ім мы будзем працаваць пазней, усталяваўшы помнікі на магілах бацьку Максіма, Адама Багдановіча, і яго трэцяй жонцы Аляксандры ў Яраслаўлі. Пакуль жа я замовіў у Валерыяна барэльеф на будынак музея ў Траецкім прадмесці.

Валерыян Янушкевіч неўзабаве прыехаў аглядаць будынак музея Максіма Багдановіча і прапанаваў эскіз барэльефу, а таксама ўзор надпісу: „Музэй Максіма Багдановіча”. Барэльеф уяўляў даволі вялікае кола з выявай паэта ў сярэдзіне. Усім нам спадабалася ягоная праца. Ухваліў яе і Эдуард Агуновіч. Амаль адразу я замовіў Валерыяну і барэльеф над аркай па вуліцы Максіма Горкага ў двор, дзе стаяў будынак музея. Валерыян зрабіў яшчэ адзін эскіз з музамі-русалкамі, якія трымалі шыльду з надпісам „Музэй Максіма Багдановіча”. Мы таксама яго ўхвалілі. Затым ён выліў іх з бронзы ў майстэрні мастацкага цэху ў Калядзічах. Барэльефы і літары пры дапамозе пад’ёмнага крану былі прымацаваныя на фасад і арку музея. Слова „Музэй” было напісана праз літару „э”, дарэформенным правапісам. Таксама тарашкевіцай была зробленая і новая пячатка, і музейны афіцыйны бланк. Я тлумачыў гэта тым, што сам Максім Багдановіч пісаў свае вершы, публіцыстычныя тэксты тагачасным правапісам, які стаў асновай для ўнармаванага ў 1918 годзе беларускага літаратурнага правапісу Браніславам Тарашкевічам. Максім Багдановіч пісаў „Зорка Вэнера”, „Менск”. Ён пісаў з мяккімі знакамі.

У слове „музэй” было жаданне адразу пры ўваходзе ў будынак, зацікавіць наведвальніка, заінтрыгаваць яго. Гэта быў першы крок неафітаў у атмасферу новага беларускага Адраджэння, у якой жыў і чым дыхаў паэт. Таксама важным быў іншы матыў. Мы, тутэйшаўцы, пісьменнікі, паэты, актыўна прапагандавалі тарашкевіцу больш мілагучную і навукова абгрунтаваную ў адрозненне ад савецкай „наркамаўкі”, якая скалечыла беларускую мову. У Міністэрстве культуры ў той час наша моўнае свавольства не выклікала ніякіх пярэчанняў.

Я пачаў жартаваць, не мог спыніцца. Ніколі мы не смяяліся так заразліва і безаглядна

На вокны нам зварылі краты ў выглядзе Каляднай зоркі, якую часта можна ўбачыць на беларускіх ткацкіх узорах. Задумка была мая, а намаляваў эскіз Алесь Астраўцоў. Краты атрымаліся выразныя і адметныя. Музей стаіць на невялікай горцы. З правага боку на схіле мы высадзілі вярбу, каштан і ясень са Сцяпанавічам і Астраўцовым. Алеся Астраўцова, знаёмага мне яшчэ па моладзевым беларускім руху, я запрасіў у музей на пасаду інжынера. Алесь – родны брат журналіста і празаіка Сяргея Астраўцова, працаваў перад гэтым інжынерам на заводзе, вырашыў змяніць жыццё, болей займацца пісьменніцтвам, таму пагадзіўся пайсці ў музей на меншы заробак. Але ў больш творчым асяроддзі, якое склалася ў музеі на той час, музейны інжынер з яго быў не надта, каб добры: не моцна ён улягаў у гэтую працу, якая вымагала асабліва падчас адкрыцця музея багата клопату. Часта мне прыходзілася падпіхваць яго. Якаў Сцяпанавіч, наш заўгас, часам аж калаціўся ад няспешнай манеры працы і жыцця Алеся. Але ўклад Алеся ў давядзенне музейнай гаспадаркі да ладу быў несумненным. Высокі, з хвалістай грывай валасоў, шырокімі грудзямі, заўсёды ўсмешлівы з адкрытым тварам, Алесь дапаўняў нашу новую маладую каманду і ўносіў яе свой пэўны стыль, эмоцыі і развагі.

Багата што ў той час у музеі мы рабілі сваімі рукамі – я, Сцяпанавіч, Астравец, Едрусь, мужчынскай часткай калектыву. Мы цягалі цяжкасці, перастаўлялі мэблю, рамантавалі, фарбавалі. Жанчыны ж прыбіралі, чысцілі, упрыгожвалі кабінеты і фае. Тэма падрыхтоўкі экспазіцыі павялічвалася бліжэй да адкрыцця. Апошнія месяцы мы працавалі ў музеі без выходных, кожны дзень. Напачатку снежня 1991 года мы прыходзілі ў музей рана ранкам і сыходзілі ўвечары пасля 22 гадзін. Я не дасыпаў і амаль не быў удома. Памятаю, як у адзін з вечароў, за пару дзён да юбілею паэта і адкрыцця музея, ужо позна ўвечары мы прыбіралі залы экспазіцыі начыста, праціралі, падмяталі, перакладвалі апошнія цэтлікі. Я пачаў жартаваць, не мог спыніцца. Жарты мае падхапілі дзяўчыны, на якіх напаў нейкі істэрычны смех. Ніколі мы не смяяліся так заразліва і безаглядна.

21.09.2021

У канцы 1989 года, літаральна праз месяц, як мяне выбралі дырэктарам музея, мы паехалі ў Крым. Перад гэтым была вырабленая і адпраўленая ў Ялту мемарыяльная дошка, прысвечаная Максіму Багдановічу. Замаўляў выраб дошкі яшчэ ранейшы дырэктар Леанід Хадкевіч. Адчыняць яе выбраліся пісьменнік Сяргей Панізнік, архітэктар Мурамцаў і я. Дошку ўсталявалі на будынак санаторыя Чарнаморскага флоту. На ёй разам з выявай Максіма было напісана, што на гэты месцы ў траўні 1917 года стаяў яго дом.

Засяліў нас проста ў гэты ж санаторый яго працаўнік у форме палкоўніка. Камандаванне чарнаморскага флоту дало згоду на мемарыяльную дошку. Нічога ўжо не нагадвала, што тут некалі праходзіла ялцінская вуліца, што тут стаяў дом, абмазаны глінай і пабелены вапнай. У ім Максім Багдановіч напісаў свае апошнія радкі:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

3 друкарні пана Марціна Кухты.

У гэтым лаканічным чатырохрадкоўі – падвядзенне вынікаў гэткага ж кароткага жыцця. У 25 год творчы чалавек толькі становіцца на ногі, а яму даводзілася ўжо развітвацца з гэтым светам. Сціплая кніга вершаў „Вянок”, надрукаваная на жоўтай жорсткай паперы. На беларускай мове ў той час выйшла можа з дзесятак вершаваных зборнікаў: Францішак Багушэвіч, Цётка, Янка Купала ды Якуб Колас. Максім Багдановіч добра разумеў адметнасць сваёй паэзіі, яе каштоўнасць для беларусаў, пераважна сялянскага народа. Нездарма ж ён нязлобна жартаваў са сваіх суайчыннікаў, беларускіх паэтаў за іх няспешны „прагрэсу ход”.

Паўловіч сентыменталізмам

там нас уздумаў частаваць,

а пан Купала рамантызмам

сімвалістычным дзіваваць…     

Максім Багдановіч усведамляў, што ягоная паэзія за руку ўводзіць беларусаў у еўрапейскі культурны дом.     

„Вянок” быў адзіным любімым, сціплым і някідкім дзіцём.

Пра ўсё гэта думаў я, хадзіўшы па дагледжаных сцежках санаторыя, абсаджаных цёмна-зялёнымі туямі. Снегу ў Ялце яшчэ не было.

Мы сустрэліся таксама з рэдактарам крымскай газеты, усмешлівым беларусам з Магілёўшчыны. Ён распавёў, што ў Крыме жыве некалькі тысяч беларусаў. На адкрыццё дошкі прыйшоў таксама Мікола Аўрамчык з жонкай. Сівы, высокі, худы і энергічны з сталёвымі зубамі спадар Мікола меў ужо гадоў 70. Ён распавёў, што пасля палону, падчас якога ён працаваў на вугальных шахтах у Францыі, у яго слабыя лёгкія, не хапае паветра. Таму з кастрычніка па сакавік жыве ў Крыме. Дыхаў Аўрамчык сапраўды цяжка, ягоныя лёгкія ганялі паветра, як кузнечныя мяхі. Спадар Мікола быў знаёмы з Сяргеем Панізнікам. Яны ажыўлённа па-сяброўску размаўлялі адзін з другім. Мікола Аўрамчык між іншым згадаў вядомую гісторыю з пісьменнікам Аляксеем Карпюком.

„І я таксама працаваў на шахтах, як і ён, – немцы плацілі нам нейкія капейкі, хоць мы і былі палонныя. Мы распісваліся за іх у ведамасці. Але ж мы рабілі ў шахце не па сваёй волі”, – пераконваў ён нас.

Было відаць, што гэтая гісторыя даўно і балюча турбавала яго. 

Сяргей Панізнік, падкрэслена інтэлігентны, яшчэ малады, з вусамі і бакенбардамі, выглядаў на моднага паэта. Я ведаў, што ў 70-ыя гады ён меў праблемы за беларускія погляды, што да гэтых праблемаў быццам бы прыклала руку яго былая жонка, паэтка Яўгенія Янішчыц. З ім мне было проста і лёгка, бо думалі мы практычна аднолькава.

Архітэктар Мурамцаў, які дапамагаў яшчэ паставіць помнік Максіму Багдановічу каля Тэатра оперы і балету ў Мінску, быў рускім, але ўпісаўся ў беларускую культуру і рабіў, што мог.

Неўзабаве развалілася савецкае войска. Мяркую, што будынак санаторыя перайшоў да ўкраінскага флоту. Затым санаторый, хутчэй за ўсё, пераняў расейскі флот. Не ведаю, які лёс гэтай дошкі. Ці пазначае яна яшчэ дзеі даўно мінулых дзён і памяць пра белы дом у старой Ялце, апошні прытулак „нямоглага паэта”.

27 верасня 2021 года

P.S.: Хадзілі мы і на Старыя гарадскія могілкі ў Ялце. Невялікая, шэрая, пацямнелая ад часу стэла на магіле паэта была „мадэрнізаваная”. Надпіс на помніку быў размаляваны алейнай фарбай у валошкі. Выглядала не надта. У Менску я распавёў пра гэта дзяўчынам. Вера Мікута і Таццяна Шубіна гучна абураліся такой самадзейнасцю. Ад іх я даведаўся, што гэта работа Вольгі (Алены) Лапіцкай, пра якую я распавяду пазней. Яна спецыяльна ездзіла ў Крым даглядаць магілу Максіма Багдановіча.    

Да канца жыцця яна [Вольга (Алена) Лапіцкая] заставалася сама сабой

Вольга (Алена) Лапіцкая, якая размалявала помнічак Максіму Багдановічу ў Ялце, была частай госцяй музея і перад адкрыццём экспазіцыі для наведвальнікаў і пасля. Ёй было за 70, пажылая кабета, апранутая з прэтэнзіяй, сівая, твар у глыбокіх зморшчынах, яна выглядала вельмі старой. Да ўсяго яна мела дыфект маўленя. Калі яна штосьці гаварыла, зразумець яе было цяжка. Тады яна пісала на паперках, якія заўсёды насіла з сабой. Пані Лапіцкая імкнулася камунікаваць з Верай Мікутай, Таццянай Шубінай, наколькі ў іх хапала цярпення, ці проста праходзіла ў фае музея, адпачывала там, штосьці думала сваё. Да Максіма Багдановіча ў яе былі асобныя адносіны. Яна жыла самотнай. Калі ў дзяўчаты стамляліся камунікаваць з ёй, пані Вольгу (Алену) адсылалі да мяне. Яна пісала мне цыдулкі заўсёды па-беларуску, а я цярпліва адказваў ёй. Пані Вольга (Алена) пісала даволі празрыстыя аматарскія вершы. „Нявестай Багдановіча” называлі яе мае каляжанкі. Яна абагаўляла Максіма Багдановіча, штогод ездзіла ў Ялту на яго магілу, прыбіралася там, падмалёўвала на помніку валошкі. У музей яна прыходзіла як у дом Максіма.

Мы, маладыя, жыццярадасныя, вясёлыя не разумелі яе. Гэта я зразумеў ужо пазней. Мы не ведалі тады, што пані Вольга (Алена) хавала страшную і сумную таямніцу свайго лёсу і лёсу сваёй сям’і. Вера Мікута распавядала, што Лапіцкая была рэпрасаваная ў сталінскія часы. Пасля таго, як у 2000-ыя гады выйшла з друку брашура Міхася Чарняўскага пра Расціслава Лапіцкага, пачытаўшы яе мы з Палінай Качатковай зразумелі, што Вольга (Алена) была ягонай роднай сястрой. Шкадую, што я нічога не распытаўся, не папрасіў, каб яна запісала свае ўспаміны. Дачка святара і сястра Расціслава Лапіцкага, шчырая беларуска, яна не чакала асаблівай увагі і пашаны да сябе. Ніякія фізічныя вады, зламанае жыццё не прымусілі яе адмовіцца ад беларушчыны, ад любові да паэзіі Максіма Багдановіча. Да канца жыцця яна заставалася сама сабой. 

Савецкая крытыка і літаратуразнаўства мелі здольнасць вылушчваць і адбіваць любую цікавасць да беларускай літаратуры. Пэўныя падыходы рабілі творы пісьменнікаў малацікавымі. Гэта адчувалася і ў музеях нашых вялікіх Янкі Купалы і Якуба Коласа. Я, вядома ж, бываў у гэтых музеях і іхніх філіях у Вязынцы і ў Мікалаеўшчыне. З Коласаўскай Мікалаеўшчыны пачынаўся ў 1981 годзе, пасля сустрэчы з мастаком Міколам Купавам, мой усвядомлены шлях. Нам у музеі Максіма Багдановіча пашанцавала пазбягацца фармальнага падыходу. Таму, мабыць, паспрыяла бяда – ранняя смерць Максіма Багдановіча, якога лёс не прымусіў пісаць супраць свайго сумлення.

У свой прыезд у 1916 годзе ў Менск Максім Багдановіч далучыўся да партыйнага жыцця і нават стаў сябрам БСГ. Але пра гэта мала хто ведае, ды і ягоная партыйнасць ніяк не адбівалася на ягонай творчасці, апроч агульных пажаданняў дабівацца нацыянальнага ды сацыяльнага вызвалення. Ён спецыяльна вывучаў гісторыю славянскіх народаў, чэхаў, славакаў, украінцаў, палякаў, пісаў адмысловыя нарысы і канструяваў палітычнае абуджэнне і вызваленне беларусаў.

Ты не згаснеш, ясная зараначка,

Ты яшчэ асвеціш родны край.

Беларусь мая! Краіна-браначка!

Ўстань, свабодны шлях сабе шукай.

Але і ён не мог прадбачыць, які гэта будзе цяжкі і пакручасты шлях.

Мы з юнацтва любілі Багдановіча за яго палітычную незаангажаванасць, за падкрэсленую ўвагу да формы верша. Ён быў не такі, як усе, для нас ён быў лепшы.

30 верасня 2021 года

З’явіўся на святочным прыёме і старшыня Вярхоўнага Савету дэпутатаў Станіслаў Шушкевіч. Але падыйсці да яго ў мяне не было ніякіх магчымасцяў. Натуральна, што я ведаў творчасць ягонага бацькі, Станіслава Шушкевіча, які быў рэпрэсаваны ў 1936 годзе, а вызваліўся ўжо толькі пасля смерці Сталіна. Вось вечарына пачалася, мы расселіся ў прэзідыўме ў два рады. Мне вызначылі месца ў першым радзе. Заслона расхінулася – уся зала была запоўненая людзьмі. На свята прыйшло больш за тысячу чалавек. Пачаліся першыя выступы, прамаўляў Станіслаў Шушкевіч, які паведаміў, што літаральна толькі што ўрад прыняў рашэнне перайменаваць вуліцу Горкага ў вуліцу Максіма Багдановіча. Уся зала ўзарвалася воплескамі. Не шкадаваў далоняў і я.

Хоць і стаяла наша прапанова перайменаваць вуліцу Горкага ў вуліцу Багдановіча ў плане мерапрыемстваў да 100-ых угодкаў паэта, зацверджаных урадам. Хоць і набралі мы разам з актывістамі некалькі соцень подпісаў ад жыхароў дамоў па вуліцы Максіма Горкага за перайменаванне. Хоць і камісія па культуры менскага гарадскога савета, сябрам якой я быў, падтрымала гэтую прапанову. Тым не менш, перайменаванне зацягвалася да апошняга. Мы ўжо не спадзяваліся, што гэта адбудзецца да дня нараджэння Максіма Багдановіча. Хапала ўплывовых людзей, якія ўспрымалі гэтую ідэю, як падкоп пад усю ідэю. Максім Горкі быў узнесены на вяршыню славы. „З кім вы, майстры культуры?” – гэтае яго пытанне канчаткова падзяліла ў 30-ыя гады пісьменнікаў на „сваіх” і „чужых”. Імем бацькі „сацыялістычнага рэалізму” называлі і гарады, і вуліцы, і заводы.

Слухаючы першыя выступы, я палез у кішэню па паперку са сваім выступам і з жахам зразумеў, што яе там няма! У сённяшніх клопатах па адкрыцці музея, іншых мерапрыемствах, я забыўся свае аркушыкі ў музеі. Ніколі ў жыцці я не адчуваў сябе такім бездапаможным. У зале паўтары тысячы чалавек, мой выступ праз некалькі хвілінаў, а часу пісаць новую прамову зусім няма. Але я сабраўся з духам і пачаў ліхаманкава крэсліць на паперцы тэзы выступу. Паперу і асадку я папрасіў у суседа, здаецца, паэта Васіля Зуёнка. Урэшце назвалі маё імя. Вось жа, зазіраючы ў свае тэзы, давялося імправізаваць.

Максім Багдановіч нарадзіўся на вуліцы, якую пазней пераіменавалі ў вуліцу Максіма Горкага, таму можна сказаць, была адноўленая гістарычная справядлівасць.   

Выступ быў кароткі, хвілін на пяць. Я імкнуўся гаварыць эмацыйна. Сказаў пра музей, які сёння адчыніўся для наведвальнікаў, пра значнасць паэзіі Максіма Багдановіча для беларусаў і новага адраджэння. Заля грымела апладысментамі. Атрымалася лепей, чым я чытаў бы выступ па паперцы. На вечарыне хор выканаў славуты верш Багдановіча „Пагоня”. Уся зала ўстала, як пад нацыянальны гімн.  

Літаральна на заўтра, пасля адкрыцця музея, пакуль мы адсыпаліся і прыходзілі ў сябе, у Белавежскай Пушчы быў распушчаны Савецкі Саюз, і Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

Так скончыўся двухгадовы перыяд майго жыцця. Ён быў сур’ёзным выпрабаваннем і праверкай на сталасць, здаецца, я вытрымаў гэты іспыт.