Аб’яўлена абавязковая эвакуацыя з Данецкай вобласці
158-ы дзень вайны. Украінскія абаронцы прадухілілі наземную атаку расейскіх акупантаў на паўночным захадзе Херсонскай вобласці. Гэтую інфармацыю падцвердзілі аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння войнаў. Акупантам не далі пайсці на штурм з акупаванага Брускінскага на Белагорку. Між тым, украінскія ўлады збіраюцца эвакуяваць з Данецкай вобласці 200 тысяч чалавек. Абавязковую эвакуацыю абвесціла віцэ-прэм’ерка Ірына Верашчук у эфіры тэлемарафону. Яна заявіла, што гаворка ідзе не пра добраахвотную, а менавіта абавязковую эвакуацыю. Верашчук растлумачыла гэта тым, што на тых тэрыторыях вобласці, якія кантралюе Украіна, разбураныя газаправоды, таму ацяпляць гарады і вёскі магчымасці няма.

Пра гэта выказаўся ў сваім новым звароце да ўкраінцаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі:
– Чым раней гэта будзе зроблена, тым больш людзей выйдзе зараз з Данецкай вобласці, тым менш людзей расейская армія заб’е. Таму, калі ў вас ёсць магчымасць пагаварыць з тымі, хто застаецца ў зоне баявых дзеянняў на Данбасе, калі ласка, пераконвайце іх, што выехаць трэба. Асабліва з дзецьмі. Калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы перасяленцам зрабіць гэта.
Рашэнне ўладаў пра абавязковую эвакуацыю з Данецкай вобласці ёсць. Усе арганізоўваюцца, поўнае суправаджэнне, поўная дапамога: і лагістычная, і выплаты. Патрэбна толькі рашэнне саміх людзей, якія да гэтай пары не прынялі для сябе гэта. Мы дапаможам, мы не Расея. Для нас кожнае жыццё мае значэнне, і мы будзем выкарыстоўваць усе дасяжныя магчымасці, каб уратаваць як мага больш жыццяў і каб па максімуму абмежаваць расейскі тэрор.
На гэтым этапе вайны для Расеі тэрор – асноўная зброя, заўважыў украінскі лідар.
На думку назіральнікаў, абавязковая эвакуацыя цывільных жыхароў можа быць звязаная з ваеннымі планамі Украіны па татальным абстрэле тэрыторыі ў выпадку далейшага расейскага наступу ў Данецкай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя
Array