Агенцтва авіяцыйнай бяспекі ЕЗ выдала дырэктыву аб пазбяганні паветранай прасторы Беларусі



Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрасаюза (EASA) 2 чэрвеня выдала дырэктыву, у якой заклікае дзяржавы EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі, паведамляецца на сайце еўрапейскага авіярэгулятара.

„Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрапейскага саюза выдала дырэктыву па бяспецы палётаў 2021-02, у якой утрымліваецца заклік да нацыянальных кампетэнтных органаў дзяржаў — членаў EASA праінструктаваць эксплуатантаў паветраных суднаў аб тым, што выкананне палётаў у паветранай прасторы Беларусі больш не дазволенае, калі гэта не патрабуецца для бяспечнай працы ў непрадбачаных абставінах”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мэта дырэктывы заключаецца ў „зніжэнні патэнцыйнай рызыкі для пасажыраў і экіпажаў, якая можа ўзнікнуць у выніку палётаў у паветранай прасторы Беларусі” пасля інцыдэнту з рэйсам ірландскай авіякампаніі Ryanair 23 траўня ў Менску.

„Абставіны, звязаныя з гэтай акцыяй, прымушаюць сур’ёзна сумнявацца ў павазе Беларуссю правілаў міжнароднай цывільнай авіяцыі і сведчаць аб злоўжыванні аэранавігацыйнымі працэдурамі з боку беларускіх уладаў. Па сутнасці гэта парушэнне прынцыпаў узаемнага даверу, якія ляжаць у аснове міжнароднай цывільнай авіяцыі”, — гаворыцца ў дырэктыве.

Дакумент будуць пераглядаць па меры неабходнасці з інтэрвалам не больш за месяц.

23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расеі.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвяза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) 27 траўня было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ІКАО павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.

belapan.by

Array