Агляд прэсы: адчужэнне ад Еўропы
Былыя аб’екты McDonald’s у Менску рэбрэндынгуюць на Mak.by. Бразілія-міратворца. У Судане працягваецца ўзброенае супрацьстаянне. Еўрапарламент прыняў пакет законаў па клімаце. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Былыя рэстараны McDonald’s у Беларусі аднавілі працу пад брэндам Mak.by.
У адпаведнасці з іншымі паглынаннямі іншых міжнародных кампаній па вытворчасці спажывецкіх тавараў (FMCG), якія пакідаюць Расею і Беларусь, новыя ўладальнікі прадставілі новыя брэнды, вельмі падобныя на брэнды, якія сыходзяць», – піша міжнароднае выданне bne IntelliNews.
«Гэты крок адбыўся пасля сыходу McDonald’s з расейскага рынку ў сакавіку і адначасовага сыходу з беларускага. Да свайго сыходу ў McDonald’s было 25 рэстаранаў у Беларусі, якія абслугоўвалі больш за 10 мільёнаў кліентаў у год, літаральна ўсю краіну. Расейскія і беларускія франшызы былі прададзеныя мясцовым прадпрымальнікам, якія правялі рэбрэндынг, але захавалі новую мадэль, набліжаную да арыгіналу. Пасьля сыходу з Расеі McDonald’s вырашыў сысьці і з беларускага рынку. У лістападзе 2022 года паведамлялася, што ўстановы сеткі ў рэспубліцы будуць працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно и точка», аднак новы ўладальнік вырашыў парваць з расейскім маркетынгам і стварыць самастойны брэнд, які падкрэслівае сваю беларускасць», – піша міжнароднае выданне.
Услед за Кітаем паспрабаваць сябе ў ролі міратворца ў ходзе вайны ва Украіне вырашыла і Бразілія. Яна прапанавала наступнае: спыненне паставак зброі, адмова Кіева ад Крыма і стварэнне гэтакай новай «Вялікай дваццаткі» для вядзення перамоў і ўсталяванні міру. Бразільскі прэзідэнт Лула да Сілва заявіў у адрас ЗША і ЕЗ, што яны павінны «спыніць садзейнічаць вайне і пачаць гаварыць аб міры». Кіраўнік расейскага МЗСа Лаўроў падчас паездкі ў Бразілію выказаў сваё задавальненне, а вось еўрапейская прэса не хавае трывогі. Лісабонскі штотыднёвік Visão папракае прэзідэнта Бразіліі ў спробе ўцерціся ў давер да Расеі.
«Луле да Сілва варта было б звярнуцца да Зяленскага з просьбай дазволіць наведаць Бахмут ці Бучу і шмат іншых месцаў, дзе пануюць смерць і татальнае разбурэнне. Замест таго каб ушаноўваць расейскую салдатню, бразільскаму прэзідэнту трэба было б схіліць калені перад масавымі пахаваннямі, у якіх ляжаць ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары: старыя, маладыя і дзеці, закатаваныя і забітыя гэтымі самымі салдатамі. Зразумела, што Лацінская Амерыка не мае ніякага дачынення да таго, што адбываецца ва Ўсходняй Еўропе, і не жыве пад сталай пагрозай з боку ядзернай дзяржавы, але цяперашняе адчужэнне толькі паглыбіць прорву паміж двума кантынентамі», – падкрэслівае партугальскае выданне.
У Судане працягваецца ўзброенае супрацьстаянне паміж дзвюма групоўкамі, якія падпарадкоўваюцца двум уплывовым фігурам краіны – генералу Абдэлю Фаттаху аль-Бурхану, які дэ-факта з’яўляецца прэзідэнтам краіны, і Мухамаду Хамдану Дагло – начальніку так званых Сіл хуткага рэагавання (СБР). У ходзе баявых дзеянняў, якія разгарнуліся ў мінулыя выхадныя, загінула сама меней 185 чалавек. Нягледзячы на дасягнутую ў аўторак дамоўленасць аб спыненні агню, перамір’е так і не наступіла. Швейцарскае газета Tages-Anzeiger наракае не толькі на гэта.
«Сітуацыя, калі адна фракцыя ўзброеных сілаў краіны паўстае супраць іншай, здаралася неаднаразова ў многіх краінах свету. Але каб адзін на аднаго пайшлі дзве войскі, як гэта здарылася ў Судане – рэч беспрэцэдэнтная. Няма нават адпаведных паняццяў: перад намі – грамадзянская вайна без удзелу грамадзян, путч усярэдзіне самога путчу. Абодва бакі лічылі, што яны могуць быць аслаблены. Іх цікавяць толькі яны самі, да людзей ім справы няма. Жорсткасць, з якой яны вядуць гэтую барацьбу, стварае такое ўражанне, што абодва бакі дзейнічаюць па прынцыпе «ўсё ці нічога». У выніку адзін з бакоў можа атрымаць перамогу, і пры гэтым ён не мае намеру дзяліцца сваёй уладай з кім бы там ні было. У тых, хто прайграе, у любым выпадку апынецца ўся краіна», – папярэджвае швейцарскае выданне.
«Еўрапарламент выйшаў на важную «вяху» у справе барацьбы са зменай клімату», – з задавальненнем канстатавала старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен. Заканадаўчы пакет, прыняты ў Страсбурзе, у значнай ступені пашырае гандаль квотамі на выкіды, у ліку іншага распаўсюджваючы яе на суднаходства і будаўнічы сектар. Плануецца таксама ўвесці мытны вугляродны падатак на шэраг тавараў, якія імпартуюцца. Цяпер пакет законаў чакае адабрэння краін-членаў супольнасці. «На шляху да дасягнення кліматычнай нейтральнасці Еўропы гэтая рэформа ўяўляе сабой рэальны прагрэс», – не хавае сваёй радасці нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.
«Выкіды вуглякіслага газу, нарэшце, атрымаюць больш-менш рэалістычную цану, а тавары, вытворчасць якіх звязана з інтэнсіўным выкідам СО2, будуць абкладацца кліматычным зборам пры імпарце. Калі нехта захоча правесці даследаванне складаных і заблытаных шляхоў, па якіх ішло заканадаўства ЕЗ, то яму не знайсці лепшага нагляднага матэрыялу для дэманстрацыі зорнай гадзіны дэмакратыі, чым цяперашняя рэформа гандлю квотамі на выкіды, механізм мытнай вугляроднай карэкцыі (скарочана CBAM) і рашэнне аб стварэнні дадатковага кліматычнага сацыяльнага фонду», – падкрэслівае нямецкае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя